«Паляк расплакаўся, убачыўшы маё фота з Дудам»
- 20.11.2025, 13:50
Чэмпіён свету з Беларусі адкрыў свой байцоўскі клуб у польскім Уроцлаве.
Стэпан Папоў — тытулаваны беларускі самбіст — сёння жыве ў польскім Уроцлаве. У пачатку лістапада чэмпіён свету, двухразовы чэмпіён Еўропы і ўладальнік Кубка свету абвясціў пра адкрыццё клуба адзінаборстваў. Пасля пераезду ў Польшчу жыць толькі спортам у яго не атрымлівалася — Папоў два гады таксаваў. Спартсмен распавёў MOST пра свой праект, працу ў таксі, беларускую салідарнасць і пра тое, як жывецца яго родным у Беларусі.
Стэпан Папоў пачаў займацца самба і дзюдо ў Лепелі — яго трэнерам быў бацька. Папоў — чэмпіён свету і двухразовы чэмпіён Еўропы, уладальнік Кубка свету, пераможца Еўрапейскіх гульняў. У жніўні 2020 года ініцыяваў стварэнне ліста свабодных спартсменаў супраць фальсіфікацыі выбараў. Быў вымушаны з’ехаць з Беларусі. На радзіме затрымлівалі яго бацькоў і брата.
Пра працу ў таксі: «Гэта лепш, чым засесці на заводзе»
— У Уроцлаве я з 2022 года. Прыблізна два гады вазіў людзей на сваёй машыне. Ведаеце, у мяне не было перажыванняў з-за таго, што я, чэмпіён свету, тытулаваны атлет, сеў за руль. І ў Беларусі я пастаянна займаўся чымсьці яшчэ, акрамя спорту. Адно самба не пракарміла б.
У Польшчы сумяшчаў працу ў таксі з персанальнымі трэніроўкамі. І прыярытэт быў менавіта заняткам у зале, таму ноччу амаль не ездзіў. Максімум — да другой-трэцяй. Мне было важней нармальна выспацца і перадаць вучням сваё майстэрства.
У фінансавым плане адна трэніроўка замяняла тры гадзіны працы ў таксі. Выбіраў, колькі гадзін сядзець за рулём. Мог ехаць у навушніках і слухаць нешта карыснае. Думаю, гэта лепш, чым дзе-небудзь засесці на заводзе. Для мяне важная асабістая свабода.
Пра кліентаў: Калі бацькоў і брата адправілі на суткі, ад беларусаў прыйшло 100 злотых чаявых
— Неадэкватныя кліенты не трапляліся, калі не лічыць аднаго паляка, які не заплаціў. Сказаў, што здыме грошы ў банкамаце, я прачакаў гадзіну і з’ехаў з пустымі рукамі. Пазней мне расказалі, што ў Польшчы гэта даволі тыповая схема падману.
Яшчэ яксьці карэец запэцкаў курыцай задняе сядзенне. Там заказ быў капеечны — на 10 злотых, з якіх пасля падаткаў прыйшло 6–7. Вось, думаю, жыццё: правёз карэйца два кіламетры, а цяпер паўгадзіны выціраю смярдзючую пляму.
Увогуле таксі ў Уроцлаве таннае. Не ведаю, як хлопцы выкручваюцца. Хіба што па выходных і начамі трэба пастаянна ездзіць. Сабачая праца. Хутка траціў тое, што зарабляў. Але былі і прыемныя моманты. Неяк вёз беларусаў, разагаварыліся. У мяне ў той момант бацькоў і брата адправілі на суткі. Гляджу, пасля паездкі прыйшло 100 злотых чаявых. Гэта было вельмі нечакана — успрыняў гэты жэст як беларускую салідарнасць.
Яшчэ, памятаю, вёз паляка з двума ўкраінцамі. Доўгая паездка — кіламетраў на 50. Растлумачыў крыху пра сябе і паказаў фота з былым прэзідэнтам краіны Анджэем Дудам. Сустрэкаўся з ім у студзені гэтага года разам з іншымі свабоднымі спартсменамі і беларускімі актывістамі. Паляк, які быў у таксі, сказаў: «Ты, як мой бацька, робіш усё дзеля свабоды». І нават расплакаўся, убачыўшы гэтае фота.
Пра эміграцыю: «Палякі культурней за беларусаў. Нават калі вып’юць»
— У 2021 годзе я з’ехаў з Беларусі [ва Украіну]. Пасля пачатку вайны перабраўся з Кіева ў Варшаву, крыху пажыў там, потым у Кракаве — і ў выніку апынуўся ў Уроцлаве. Жыву тут каля трох гадоў. Мне падабаецца. У Уроцлаве цяплей у параўнанні з многімі польскімі гарадамі, амаль няма снегу. Зручна ездзіць у Чэхію і Германію. Ну і галоўнае — спартыўная супольнасць. Трэніроўкі ў зале падарылі мноства новых знаёмстваў.
Палякі, здалося, больш культурныя, чым беларусы. Нават калі вып’юць. Футбольных балельшчыкаў вынесем за дужкі — гэта асобны кантынгент. Па меншай меры, я не бачыў у Уроцлаве шмат п’яных. Чуў, што нядаўна абакралі майстэрню беларуса, але ў мяне ніякіх інцыдэнтаў не было. Аднойчы не зачыніў залу на ўсю ноч — настолькі стомленым быў пасля чарговага дня рамонту. Але ўсё нармальна. Да таго ж у будынку ёсць камеры.
Польская мова пакуль кульгае. Мэтава мову не вучыў. На трэніроўках часта карыстаюся англійскай. Праўда, асаблівага моўнага бар’ера не ўзнікала.
Пра Беларусь: «Усё больш тых, хто не можа змірыцца»
— Думкамі я пастаянна ў Беларусі. Сачу за навінамі, аналізую падзеі. На жаль, краіна ўсё больш нагадвае свет па той бок люстра. І, падаецца, усё больш тых, хто не можа змірыцца з такім жыццём. Ім даводзіцца з’яжджаць. Гэта вельмі сумна. Баліць душа за радзіму.
У эміграцыі стаў іншым — больш рознабаковым чалавекам і спецыялістам. Хацеў бы вярнуцца ў Беларусь і перадаваць свае трэнерскія, менеджарскія, лідарскія навыкі, якія набыў. Я ж не паляк. Хацеў бы працаваць на карысць роднай краіны. Але прафесіяналы там сёння не патрэбныя. Нават тых, хто лічыць, што яны па-за палітыкай, не крануць толькі да пэўнага этапу. Упрэшся ў столь — і ўсё, няма выйсця і матывацыі развівацца. Толькі прыстасаванцы ў найгоршым сэнсе могуць добра сябе адчуваць у такой абстаноўцы.
Пра бацькоў: «Іх пазбавілі права на любімую прафесію. Вымушаныя таксаваць, ягады прадаюць»
— Майму брату пасля затрымання ў Лепелі і 10 сутак арышту давялося з’ехаць у Польшчу. Ён фактычна атрымаў забарону на працу ў Беларусі — праводзіць трэніроўкі па дзюдо і самба. Брат зразумеў, што няма чаго лавіць, атрымаў візу, прыехаў у Уроцлаў. Будзе трэніраваць і дапамагаць мне. Бацькоў таксама звольнілі з СДЮШАР і пазбавілі права на любімую прафесію. Нібыта за прагулы, калі яны сядзелі ў ІЧУ — без матрацаў і нармальнай ежы.
Лепель — вельмі маленькі горад. Там усе ведаюць бацькоў — у тым ліку тыя, хто іх затрымліваў. Сілавікі адвядалі вочы, рабілі выгляд, што гэта не яны распарадзіліся… Цяпер бацькі вымушаныя таксаваць, ягады прадаюць, уяўляеце? Яны мне ўжо і не расказваюць усяго. Але гэта беларуская трагедыя: двух пенсіянераў прымусілі прайсці праз прыніжальны арышт, а іх сыны і пяць унучак сёння жывуць у іншай краіне.
Пра адкрыццё клуба: «Вырашыў, што варта рызыкнуць»
— У Уроцлаве паралельна з таксі амаль увесь час працаваў персанальным трэнерам. Хадзіў у адзін і той жа зал і трэніраваў адзінаборствы, развіццё фізічных навыкаў. Напрыклад, працаваў з дзецьмі з ДЦП. Ці прыходзілі спартсмены, якіх трэба было ў аптымальнай форме падвесці да турніраў па дзюдо. Хапала і аматараў-айцішнікаў.
Гэлай восенню знаёмая з Украіны адкрыла сваю вялікую залу, а ў былое памяшканне шукала арандатара. Я зацікавіўся. Узяў крыху часу на развагі і вырашыў, што варта рызыкнуць. Так, праца персанальным трэнерам мела шэраг плюсаў: ні да чаго не прывязаны, не трэба ніякай справаздачнасці, бухгалтара. Трэнуй колькі хочаш і можаш змяніць лакацыю ў любы момант. Але мне падалося, што я ўперся ў тупік у плане асабістага развіцця. Я ж хачу расці і не баюся адказнасці.
Перапісалі на мяне дамову арэнды, адкрыў разліковы рахунак у банку, атрымаў касавы тэрмінал — і пачаў пераабсталёўваць залу пад адзінаборствы. Раней тут у асноўным праводзілі TRX-трэніроўкі (від функцыянальнага трэнігу з уласнай вагой з выкарыстаннем падвесных пятлёў. — Рэд. MOST). Быў масажны кабінет, гума на падлозе, душавыя пакоі. Нешта ўвогуле не чапаў. Але абнаўленне — пастаянны працэс. Буду набываць дадатковае абсталяванне, неабходнае для адзінаборстваў.
Пра спартыўную супольнасць: «Хлопцы самі адгукнуліся дапамагчы»
— Уся начынка ўжо гатовая, за тры тыдні ўпраўліліся з рамонтам і падрыхтоўкай. Вельмі выручыла падтрымка з боку калег па спорце і беларусаў, якіх я трэнірую. Напрыклад, татамі падарыў знаёмы ўкраінец, калі я праводзіў у Германіі майстар-клас па Free Sambo (самба, якое адрозніваецца ад традыцыйнага ў пэўных нюансах і накіраванае на змяншэнне траўматызму атлетаў. — Рэд. MOST). Два актагоны (васьмікутная арэна для змешаных адзінаборстваў. — Рэд. MOST) заказаў па сабекошце і прывёз наш вядомы спартсмен. Хлопцы самі адгукаліся дапамагчы з усталяваннем абсталявання, абшыўкай сцен. Увесь рамонт зрабілі сваімі рукамі, што дазволіла мінімізаваць выдаткі.
Зала, дарэчы, знаходзіцца ў антуражным месцы. Гэта старадаўні будынак з чырвонай цэглы — тое, што трэба для нашага байцоўскага клуба. І суседзі цікавыя: зверху бар, побач аўтасэрвіс і качалка, дзе слухаюць жорсткі рок. Можна не баяцца ўключаць музыку гучней.
Пра кліентаў: «Некляеў у добрай форме»
— Першымі кліентамі клуба сталі многія вучні, з якімі раней працаваў у іншай зале. У асноўным гэта беларусы і ўкраінцы. Ёсць група па адзінаборствах — з ёй займаецца калега. Ёсць трэнеры па стрэтчынгу і акрабатыцы, масажыст. У бліжэйшы час, думаю, наберым новыя групы па дзюдо, муай-тай і MMA і падключым яшчэ пару спецыялістаў.
Вядома, для мяне гэта і бізнес-праект. З працай у таксі я скончыў і цяпер сфакусаваны на спорце. Зала павінна быць занята пастаянна. Першыя два месяцы ў плане закладзены стратнымі, а потым хачу выйсці хаця б у нуль.
Цяпер самы напружаны час — ад старту залежыць шмат чаго. Ведаю, што калі раптам нешта не атрымаецца, змагу з усімі разлічыцца. Ёсць падушка бяспекі. Але ўпэўнены, што ўсё атрымаецца. У мяне перфекцыянісцкі падыход: калі за нешта бяруся, то з максімальнай самааддачай.
Дарэчы, займацца ў клуб ходзіць Уладзімір Некляеў (у 2010 годзе кандыдат у прэзідэнты Беларусі, паэт, пісьменнік, грамадска-палітычны дзеяч. — Рэд. MOST). Падцягваецца, працуе з рэзінкамі. Ён малайчына, у добрай форме для свайго ўзросту (Некляеву 79 гадоў. — Рэд. MOST). Для такіх людзей уваход заўсёды бясплатны. Беларусам мы асабліва рады.
Пра мэты: «Штодня падбіраю да вучняў ключык»
— Нас адрознівае аўтарская методыка і прафесійны падыход. Паверце, у Польшчы ўсялякае бачыў. Людзі, груба кажучы, два гады таму не ўмелі рабіць перакул і трымаць баксёрскую стойку, а сёння самі трэніруюць, завабліваючы кліентаў прыгожымі карткамі ў Instagram.
Наша задача ў клубе — развіваць фізічныя навыкі, спрыт, каардынацыю. Крок за крокам. Арганізм, асабліва дзіцячы, павінен быць гатовы да спецыяльнай нагрузкі. Таму клуб і называецца Smart Performance, то бок «Разумная прадукцыйнасць».
Сам імкнуся развівацца як трэнер і асоба, вучыцца ў самых розных сферах. Змагацца — гэта адно, а перадаваць свае сакрэты — зусім іншае. Штодня нешта шукаю, падбіраю да вучняў ключык. Думаю, у мяне атрымліваецца. Бачу, што людзі цягнуцца за мной, ім падабаецца сумесная праца. Хачу разам з аднадумцамі прасоўваць і Free Sambo, рыхтаваць людзей на вынік.