На аўкцыёне прадалі залаты ўнітаз за $12,1 млн
- 20.11.2025, 12:06
Яго аўтар — стваральнік скандальнага «банана на скотчы».
Залаты ўнітаз «Амерыка» прадалі за 12,1 млн долараў на аўкцыёне Sotheby’s у Нью-Ёрку, піша Forbes.
Арт-аб’ект стварыў італьянскі мастак-канцэптуаліст Маурыцыа Катэлан — аўтар банана, прыляпленага да сцяны скотчам.
Унітаз «Амерыка» зроблены з 99,8 кг 18-каратнага золата. Пачатковая цана лота складала 10 млн. Падчас таргоў кошт унітаза вырас да 12,1 млн долараў.
Імя пакупніка не паведамляецца.
Залаты ўнітаз «Амерыка» — адна з двух версій, створаных італьянскім мастаком. Іншая раней экспанавалася ў Музеі Гугенхайма, перш чым яе выкралі з Бленгеймскага палаца ў Англіі. Следчыя мяркуюць, што зніклы ўнітаз, верагодна, быў пераплаўлены.
Прадстаўнікі Sotheby’s лічаць працу Катэлана часткай вялікай мастацкай традыцыі, якую ў 1917 годзе заклаў Марсэль Дзюшан, паставіўшы звычайны пісуар на пастамент і назваўшы яго скульптурай.