BE RU EN

У Брэсце каля шматпавярхоўкі выявілі цэлую калонію кажаноў

  • 20.11.2025, 12:12

Эксперты мяркуюць, што жывёл выгналі са зімоўкі.

Учора ў TikTok завірусілася відэа, дзе каля адной з шматпавярховак Брэста проста на зямлі ляжалі дзясяткі кажаноў. Частка жывёл, відаць, ужо загінула, частка — яшчэ рухалася і спрабавала збіцца ў гурт, выдаючы жалібны піск. Мы звязаліся з экспертам і высветлілі, што магло адбыцца і чаму кажаны апынуліся ў такой колькасці побач з жылым домам.

«Што гэта за з’ява?» — задаецца пытаннем голас за кадрам, здымаючы на смартфон кажаноў, што ляжалі на зямлі. З гэтым жа пытаннем Onlíner звярнуўся да супрацоўніка лабараторыі малекулярнай заалогіі НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі і стваральніка рэабілітацыйнага цэнтра «КажанаПоліс» Аляксея Шпака.

— Адразу скажу, што гэта «рыжая вечарніца» — не чырванакніжны, але ахоўваемы законам від кажаноў. Цяпер яны ўладкоўваюцца на зімоўку і могуць зімваць у рознага роду прахалодных поласцях. Верагодней за ўсё, цэлая калонія кажаноў (каля сотні) схавалася за абшыўкай чыйгосьці балкона — гэта частая з’ява.

Субяседнік дапусціў, што ўладальнікі кватэры маглі выявіць жывёл, скажам, падчас рамонту балкона, і выкінуць іх на вуліцу. Але так рабіць нельга было.

— Дадзены выпадак можна разглядаць як правапарушэнне, беззваротнае выманне дзікіх жывёл з прыроды. Гэта прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць. Калі не памыляюся, некалькі базавых велічынь за адну асобіну.

— Жывёл яшчэ можна выратаваць?

— Відэа ўчорашняе, і, хутчэй за ўсё, яны загінулі.

Вядома, што ў Брэсце ёсць валанцёры і, магчыма, яны паспелі адрэагаваць на відэа і выратаваць частку жывёл. Калі мы нешта пра гэта даведаемся, напішам працяг.

Апошнія навіны