СМІ: У Тэгеране вады засталося на два тыдні
- 2.11.2025, 23:02
У Іране — гістарычная засуха.
Дзяржаўныя СМІ Ірана ў нядзелю папярэдзілі, што асноўная крыніца пітной вады Тэгерана можа вычарпацца на працягу двух тыдняў з-за гістарычнай засухі, перадаюць «Детали».
Плаціна Карадж (Аміра Кабіра), адна з пяці, што забяспечваюць сталіцу Ірана пітной вадой, «утрымлівае ўсяго 14 мільёнаў кубаметраў вады, што складае восем працэнтаў ад яе ёмістасці», — заявіў дырэктар Тэгеранскай водаправоднай кампаніі Бехзад Парса. Паводле яго слоў, гэтага аб'ёму хопіць, каб забяспечваць сталіцу прэснай вадой яшчэ на два тыдні.
Узровень вады ў астатніх вадасховішчах таксама надзвычай нізкі. Бехзад Парса заявіў, што прыток вады ў плаціны Тэгерана скараціўся на 43 працэнты ў параўнанні з папярэднім водным годам.
Інфармацыйнае агенцтва Tasnim, звязанае з Корпусам вартавых Ісламскай рэвалюцыі, паведаміла 1 лістапада, што гэтым летам поўнасцю або часткова высахлі дзевяць буйных азёр і водна-балотных угоддзяў у Іране, у тым ліку азёры Урмія, Бахтэган, Парышан, Джазмур'ян, Гаўхуні, Хамун, Махарлу, Ташк і Хозе-Солтан у Куме, піша Iran International.
Цяперашні водны крызіс — вынік не аднаго года засухі, а хутчэй дзесяцігоддзяў няправільнага кіравання, празмернага будаўніцтва плацін і адсутнасці плана адаптацыі да дэфіцыту вады, адзначае выданне.
Эксперты папярэджваюць, што заклікі да «палітыкі жорсткай эканоміі» без рэфармавання сістэмы кіравання воднымі рэсурсамі, забеспячэння празрыстасці дадзеных, аднаўлення ваданосных гарызонтаў, кантролю за незаконнай здабычай і скарачэння дарагавартаснага спажывання сельскагаспадарчай прадукцыі толькі адкладуць крызіс да наступнага сезона.