У ЗША мужчына стаў уладальнікам $500 тысяч дзякуючы сваёй забыўлівасці
- 2.11.2025, 21:40
Пераможца ўжо падзяліўся планамі наконт атрыманага прыза.
Жыхар штата Агаё стаў уладальнікам буйнага латарэйнага выйгрышу ў паўмільёна долараў дзякуючы ўласнай забыўлівасці, піша UPI.
Паводле слоў пераможцы, ён накіраваўся на рынак, каб абнаявіць выйгрышны білет на $50. Аднак, прыбыўшы на месца, ён з прыкрасцю выявіў, што забыў білет дома. Замест таго, каб разгарнуцца і паехаць назад, ён вырашыў не марнаваць часу і купіў яшчэ адзін білет той жа гульні.
Скрэтч-карту мужчына праверыў, не адыходзячы далёка — проста ў сваёй машыне. Якое ж было ягонае здзіўленне, калі пад абарончым слоем выявіўся выйгрыш у памеры $500 тысяч.
Пераможца ўжо падзяліўся планамі наконт атрыманага прыза. Ён мае намер расплаціцца з іпатэкай, набыць новы аўтамабіль і, што самае важнае, скараціць колькасць рабочых дзён, каб удзяляць больш часу сваёй сям'і.