BE RU EN

Reuters: ЗША пачалі рыхтаваць вайсковы плацдарм паблізу Венесуэлы

  • 2.11.2025, 16:54

Вашынгтон узмацняе ціск на рэжым «сябра Лукашэнкі» Мадура.

Амерыканскія вайскоўцы прыступілі да мадэрнізацыі ваенна-марской базы «Рузвельт Роудс» у Пуэрта-Рыка, закрытай больш за 20 гадоў таму; да такой высновы прыйшло Reuters, прааналізаваўшы зробленыя ў гэтым раёне спадарожнікавыя здымкі. Апытаныя агенцтвам вайсковыя чыноўнікі і эксперты мяркуюць, што будаўніцтва на аб'екце сведчыць пра падрыхтоўку ЗША да працяглых аперацый у Карыбскім басейне, у тым ліку супраць Венесуэлы.

Паводле атрыманых фатаграфій, будаўнічыя працы пачаліся 17 верасня. У прыватнасці, замянілі пакрыццё рулежных дарожак, што вядуць да ўзлётна-пасадачнай паласы. Адстаўны палкоўнік марской пяхоты ЗША Марк Канчыян адзначыў, што такія змены ўласцівыя падрыхтоўцы да павелічэння колькасці пасадак і ўзлётаў ваенных самалётаў. Раней Bloomberg даведаўся, што гэта ваенна-марская база з верасня з'яўляецца плацдармам для знішчальнікаў-нябачнікаў F-35B і транспартных самалётаў C-17 Globemaster III.

Акрамя таго, ідзе будаўніцтва інфраструктуры ў грамадзянскіх аэрапортах Пуэрта-Рыка і на Віргінскіх астравах ЗША, што знаходзяцца прыкладна за 800 км ад Венесуэлы.

Так, у аэрапорт імя Рафаэля Эрнандэса, другі па загружанасці грамадзянскі аэрапорт у Пуэрта-Рыка, да сярэдзіны кастрычніка амерыканскія вайскоўцы перавезлі сродкі сувязі і мабільную дыспетчарскую вежу, якая звычайна выкарыстоўваецца для каардынацыі нарашчвання колькасці паветраных суднаў у зонах баявых дзеянняў або пасля стыхійных бедстваў.

«Усё гэта, думаю, прызначана для таго, каб напалохаць рэжым [дыктатара Венесуэлы Нікаласа] Мадура і генералаў вакол яго, у надзеі выклікаць раскол», — лічыць старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў (CSIS) у Вашынгтоне Крыстафер Эрнандэс-Рой.

Нарашчванне вайсковай прысутнасці ЗША ў Карыбскім басейне пачалося ў жніўні. Судзячы па даных адсочвання караблёў і самалётаў, фатаграфіях і відэа з адкрытых крыніц, разгортванне ў рэгіёне з'яўляецца найбольшым з 1994 года, калі Злучаныя Штаты накіравалі два авіяносцы і больш за 20 тыс. вайскоўцаў на Гаіці для ўдзелу ў аперацыі «Падтрымаць дэмакратыю», піша Reuters.

Прыблізная колькасць амерыканскіх вайскоўцаў, дыслакаваных у Карыбскім басейне ля берагоў Венесуэлы, складае 16 тыс. чалавек, пісала The Washington Post. Групоўка ЗША ўключае восем вайсковых караблёў і атамную падлодку. Задзейнічана таксама авіяцыя, у тым ліку стратэгічны бамбавік B-52 і знішчальнік F-35. Персанал авіяноснай ударнай групы ацэньваецца ў 4 тыс. чалавек.

Амерыканскія караблі ўжо нанеслі некалькі ракетных удараў па венесуэльскіх катэрах, якія, як лічаць у Белым доме, займаліся кантрабандай наркотыкаў. У канцы лета Злучаныя Штаты размясцілі ля берагоў Венесуэлы флатылію з сямі караблёў. Каракас адхіляе абвінавачанні.

Апошнія навіны