Турцыя пачала адмаўляцца ад расійскай нафты пасля санкцый Трампа
- 2.11.2025, 23:24
Турэцкія НПЗ пачалі закупляць сыравіну з іншых краін.
У адказ на новыя санкцыі Вашынгтона супраць Масквы турэцкія нафтаперапрацоўчыя заводы, якія працавалі на расійскай нафце, пачалі закупляць сыравіну з іншых краін, паведамляе Reuters са спасылкай на дасведчаныя крыніцы.
Адзін з найбуйнейшых турэцкіх заводаў — SOCAR Turkey Aegean Refinery (STAR), які належыць азербайджанскай SOCAR, — нядаўна набыў чатыры партыі нафты з Ірака, Казахстана і іншых нерасійскіх крыніц для паставак у снежні. Паводле разлікаў агенцтва, аб’ём гэтых партый складае ад 77 000 да 129 000 барэляў у дзень, што істотна змяншае долю расійскай нафты ў перапрацоўцы. У верасні і кастрычніку практычна ўвесь аб’ём перапрацоўкі НПЗ STAR — каля 210 000 барэляў у дзень — прыходзіўся на расійскую нафту.
Іншы буйны турэцкі перапрацоўшчык, Tupras, таксама павялічвае закупкі нафты не з Расіі, у тым ліку гатункаў з Ірака, аналагічных расійскаму Urals. Паводле звестак крыніц Reuters, на адным са сваіх заводаў кампанія неўзабаве цалкам спыніць перапрацоўку расійскай нафты, каб захаваць экспарт паліва ў Еўропу без парушэння санкцыйнага рэжыму. Акрамя таго, Tupras ужо дыверсіфікавала пастаўкі, упершыню набыўшы нафту з Бразіліі, а на пачатку лістапада чакае другую партыю ангольскай нафты гатунку Mostarda.
Паводле інфармацыі Kpler, у лістападзе Турцыя павінна атрымаць 141 000 барэляў іракскай нафты ў дзень супраць 99 000 барэляў у кастрычніку, пры сярэднім паказчыку каля 80 000 барэляў у дзень сёлета. З студзеня па кастрычнік краіна імпартавала каля 669 000 барэляў у дзень, з якіх 317 000 барэляў, або 47%, прыпадала на Расію, тады як летась з 580 000 барэляў у дзень на Расію прыпадала 333 000 барэляў.
Турцыя разам з Кітаем і Індыяй з’яўляецца адным з нямногіх пакупнікоў расійскай нафты. Меры, якія прымаюць турэцкія НПЗ, адлюстроўваюць уплыў намаганняў ЗША, Еўрапейскага саюза і Вялікабрытаніі па абмежаванні продажу расійскай сыравіны, што выкарыстоўваецца для фінансавання вайны ва Украіне, адзначае Reuters.
22 кастрычніка прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пасля адмовы Крамля спыніць вайну ва Украіне ўвёў санкцыі супраць «Раснафты», «Лукойла» і 34 іх даччыных структур. Мінфін ЗША даў месяц на завяршэнне аперацый з кампаніямі, якія трапілі пад абмежаванні.
Пасля ўвядзення абмежаванняў шэраг індыйскіх НПЗ, уключаючы Mangalore Refinery and Petrochemicals, HPCL-Mittal Energy і Reliance Industries, прыпынілі закупкі расійскай нафты. Фінансавы дырэктар Indian Oil Corp Ануй Джайн адзначыў, што кампанія працягне закупкі, калі яны не будуць парушаць санкцыйны рэжым.