BE RU EN

Daily Star: Пуцін хоча заставацца пры ўладзе да 97 гадоў

  • 2.11.2025, 15:27

Названы нечаканы пераемнік расійскага дыктатара.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін хоча заставацца пры ўладзе да 2050 года, піша брытанскі таблоід Daily Star са спасылкай на журналіста-расследавальніка Ілью Давлятчына.

Паводле ягоных звестак, 73-гадовы Пуцін, які ўжо знаходзіцца ля стырна ў Крамлі даўжэй за ўсіх кіраўнікоў з часоў Іосіфа Сталіна, хацеў бы захоўваць уладу да 97 гадоў, а затым, магчыма, перадаць яе свайму сыну Івану. Яму цяпер 10 гадоў, а ў 2050 годзе будзе 35.

Дзейная Канстытуцыя, перапісаная ў 2020 годзе з «абнуленнем» тэрмінаў Пуціна, дазваляе яму заставацца прэзідэнтам да 2036 года, то-бок да 83 гадоў.

Па працягласці кіравання Пуцін ужо перасягнуў Піначэта (17 гадоў), Кіма Чэн Іра (17 гадоў), Беніта Мусаліні, інданезійскага дыктатара Сухарта (20 гадоў) і Нікалае Чаўшэску, які ўзначальваў Румынію 24 гады. Да канца пятага тэрміну Пуцін можа абыйсці Мао Цзэдун, а ў выпадку шостага — дагнаць Франсіска Франка (Іспанія) і Антонію ды Салазара (Партугалія), кожны з якіх кіраваў па 36 гадоў.

Калі ж Пуцін застанецца пры ўладзе да 2050 года, ён абыдзе Муамара Кадафі (42 гады), Кіма Ір Сэна (46 гадоў) і Фідэля Кастра (49 гадоў) і стане самым «даўгавечным» кіраўніком Расіі з часоў Івана Жахлівага, які кіраваў 50 гадоў (уключаючы дзіцячы ўзрост, калі фактычнае кіраванне дзяржавай было ўскладзена на баяраў).

Асяроддзе Пуціна актыўна займаецца пытаннямі падаўжэння жыцця расійскага прэзідэнта, а Міністэрству аховы здароўя ў верасні было даручана ў тэрміновым парадку сабраць усе даступныя навуковыя распрацоўкі па барацьбе са старэннем, пісала летась The Times са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй.

Паводле даных выдання, праект «лекі ад старасці» курыруе 77-гадовы Міхаіл Кавальчук, адзін з блізкіх сяброў Пуціна, які ўзначальвае Курчатаўскі навукова-даследчы ядзерны інстытут. Акрамя таго, у ім удзельнічае старэйшая дачка Пуціна, лекар-эндакрынолаг Марыя Варонцова.

Апошнія навіны