Стары Nissan Patrol ператварылі ў суперкар з характарыстыкамі Bugatti
- 2.11.2025, 10:59
Аўтамабіль перарабілі ў звышмагутны гоначны снарад.
Арыгінальны цюнінг Nissan Patrol Y60 выканала спецыяльна для шоў SEMA ў Лас-Вегасе амерыканская кампанія Fossberg Racing, якую ўзначальвае трохразовы чэмпіён серыі «Формула-Дрыфт» Крыс Фосберг. Пра гэта паведамляе сайт Motor1.
За аснову праекта ўзялі кароткі трохдзвярны пазадарожнік Nissan Patrol трэцяга пакалення. Ён абсталяваны 4,8-літровай раднай «шасцёркай», якую дапоўнілі турбінай Garrett G42-1200, а таксама новым упускам і электронным блокам кіравання. Магутнасць вырасла да 1000 сіл — гэта ўзровень Bugatti Veyron.
Варта адзначыць, што падобны цюнінг Nissan Patrol папулярны на Блізкім Усходзе, аднак там нашпігаваныя пазадарожнікі ствараюць для драг-рэйсінгу. У ЗША ж аўтамабіль падрыхтавалі да сур'ёзнага бездаражжа.
Nissan Patrol Y60 атрымаў дугі, дадатковыя фары і 35-цалёвыя пазадарожныя шыны Yokohama Geolander на 17-цалёвых дысках Nismo. Кліранс аўтамабіля павялічылі. У салоне з'явіліся спартыўныя сядзенні Recaro.