BE RU EN

Коля і булачка

  • Артэм Сініцын, «Салідарнасць»
  • 2.11.2025, 10:45

Гісторыя з Лукашэнкам нагадала байкі пра Брэжнева.

Экс-«дэпутатка» Мінгарсавета Вольга Тэсакова у інтэрв’ю праекту ЧестнОК-LIVE расказала пра тое, чым заканчваюцца незапланаваныя візіты чыноўнікаў з праверкай у крамы. У тым ліку яна падзялілася гісторыяй пра Мікалая Лукашэнку, які зайшоў у краму дзесьці ў Аршанскім раёне:

— Здаецца, у Барані… дзесьці там недалёка — можа, Лукашэнка ехаў у Александрыю, і яны то ці побач праязджалі, то яшчэ нешта… Карацей, хадзіў Мікалай, як непрыкаяны. Зайшоў у крамку, а там была толькі адна булачка. Зрабілі званок: «А-та-та!». Туды навезлі тых булак, хлеба… А попыту няма. І потым усё гэта проста выкінулі. Але такая была істэрыка, такая паніка, што «Мікалай прыйшоў, а былачак няма». Неўдача.

У тым, што вакол малодшага сына кіраўніка ў такой звычайнай сітуацыі нарабілі столькі шуму, няма нічога дзіўнага. Напрыклад, у 2017-м у Копысі, калі ён там катаўся на веласіпедзе з аднакласнікамі, міліцыя перакрывала вуліцы.

І ўсё ж не пакідае адчуванне, што беларусы быццам на машыне часу вяртаюцца ў часы брэжнеўскага савецкага застою. Той самай эпохі, якую цяпер рамантызуе расійская кінапрапаганда.

Так, у адным з сучасных серыялаў абыгрываецца старая байка пра Леаніда Ільіча, які нібыта купіў у сельскай краме каўбасу, але не змог яе з’есці з-за агіднай якасці прадукту.

І прыдуманая гісторыя пра прастарэлага генсека, і выпадак з булачкай у аднолькавай ступені красамоўна дэманструюць, наколькі «слугі народа» (і іх родныя) далёкія ад гэтага самага народа.

Артэм Сініцын, «Салідарнасць»

Апошнія навіны