ISW: Украінскі дэсант сарваў планы ворага ў Пакроўску
- 2.11.2025, 10:26
Геалакацыйныя кадры абверглі хлусню расійскай прапаганды.
Расійскія войскі ўзмацнілі штурмавыя дзеянні ў раёне Пакроўска Данецкай вобласці, спрабуючы поўнасцю захапіць горад.
Аб гэтым паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Паводле геалакацыйных кадраў, абнародаваных 31 кастрычніка і 1 лістапада, акупанты нядаўна прасунуліся ў цэнтральную і паўднёва-ўсходнюю частку горада.
Расійскія прапагандысты заяўляюць, што захопнікі нібыта паглыбіліся ў цэнтр Пакроўска і прасунуліся ў кірунку населенага пункта Котліна. У той жа час старшы афіцэр адной з украінскіх брыгад, якая трымае абарону на гэтым накірунку, расказаў, што расійскія войскі цяпер кантралююць прыкладна 60% тэрыторыі горада і зайшлі ў Родынскае і Мірнаград.
Нягледзячы на гэта, новыя геалакацыйныя кадры сведчаць, што ўкраінскія абаронцы ўтрымліваюць свае пазіцыі, а часам нават прасунуліся ў цэнтры Родынскага — у раёнах, якія раней расійская прапаганда абвяшчала «захопленымі».
Па словах старшага сяржанта адной з украінскіх брыгад, якая дзейнічае паблізу Канстанцінаўкі і Дружкаўкі, пасля няўдалага штурму 27 кастрычніка расіяне паменшылі актыўнасць на гэтым участку фронту, верагодна перакінуўшы частку сіл для ўзмацнення наступу на Пакроўск і Мірнаград.
Украінскі аператар дрона, які працуе ў раёне Пакроўска, паведаміў, што вораг спрабуе тактычна ізаляваць асобныя ўкраінскія пазіцыі. Прадстаўнік адной з украінскіх брыгад адзначыў, што сітуацыя з забеспячэннем у гэтым раёне застаецца складанай, аднак расійскія войскі пакуль не змаглі перарэзаць украінскія шляхі зносін.
Вайскоўцы з Мірнаграда пацвердзілі, што расійскія падраздзяленні на поўначы Пакроўска і паўночным усходзе Мірнаграда дзейнічаюць больш упэўнена. Паводле іх слоў, аператары расійскіх FPV-дронаў працуюць на адлегласці, з якой могуць пагражаць украінскім лагістычным маршрутам паміж гарадамі.
Адзін з афіцэраў украінскай часці паведаміў, што расіяне практычна кантралююць агонь уздоўж вузкай дарогі, па якой дастаўляюць рэсурсы ў Мірнаград. З-за актыўнага прымянення дронаў і дынамічных баёў сітуацыя на фронце паблізу Пакроўска застаецца напружанай.
Пакроўск
31 кастрычніка ўкраінскія вайскоўцы ажыццявілі паветраную дэсантную аперацыю на захад ад Пакроўска. Як паведаміў 7-ы корпус хуткага рэагавання Дэсантна-штурмавых войскаў, высадка прайшла паспяхова. Паводле звестак крыніц ISW у Галоўным упраўленні разведкі, у спецаперацыі ўдзельнічалі некалькі верталётаў, якія высадзілі падраздзяленні спецназа ў раёнах, што раней расіяне заяўлялі як «захопленыя».
У ГУР адзначылі, што гэтыя тэрыторыі маюць важнае значэнне для ўкраінскай лагістыкі на накірунку Пакроўска. Геалакацыйныя кадры паказваюць момант высадкі дэсантнікаў з верталёта UH-60 Black Hawk у раёне, які вораг лічыў пад сваім кантролем.
1 лістапада Мінбароны РФ заявіла, што нібыта адбіла ўкраінскае контрнаступленне. Пры гэтым нават расійскія ваенныя блогеры прызналі, што ўкраінскім верталётам удалося без страт дзейнічаць у зоне, насычанай расійскімі дронамі, што ставіць пад сумнеў эфектыўнасць расійскай сістэмы СПА на гэтым накірунку.
Што адбываецца ў Пакроўску
Пакроўск застаецца адным з самых гарачых участкаў фронту. Апошнім часам праціўнік здолеў правесці некалькі дыверсійных груп, а колькасць расійскіх войскаў у гэтым раёне да нядаўняга часу ацэньвалася прыкладна ў 200 чалавек.
Паказальна, што цягам апошняга тыдня Уладзімір Пуцін некалькі разоў заяўляў пра нібыта «акружэнне» Пакроўска і нават загадваў «дапусціць журналістаў» у раён баявых дзеянняў.
Аднак украінскі бок абвяргае гэтыя сцвярджэнні. Наадварот — нядаўна пачалася маштабная аперацыя па вызваленні горада і выцісканню акупантаў. Раней стала вядома пра дэсантную аперацыю Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны, накіраваную на аднаўленне кантролю над важнымі лагістычнымі шляхамі.