Трамп: Калі мы нападзём, гэта будзе хутка і жорстка
- 2.11.2025, 8:37
Прэзідэнт ЗША пагразіў Нігерыі вайной.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Злучаныя Штаты могуць ажыццявіць ваеннае ўварванне ў Нігерыю. Калі гэта здарыцца, атака будзе хуткай і жорсткай.
Пра гэта Трамп напісаў у Truth Social.
Паводле слоў Трампа, калі ўрад Нігерыі «працягне дапускаць забойствы хрысціянаў», тады ЗША неадкладна спыняць дапамогу і падтрымку, а таксама могуць прадпрыняць іншыя крокі.
«Цалкам магчыма, што (ЗША — рэд.) увядуць войскі ў гэтую цяпер зганьбаваную краіну са зброяй у руках, каб цалкам знішчыць ісламскіх тэрарыстаў, якія здзяйсняюць гэтыя жудасныя злачынствы», — гаворыцца ў допісе.
Таксама кіраўнік Белага дома дадаў, што даручае Пентагону падрыхтавацца да магчымых дзеянняў, а ўраду Нігерыі параіў дзейнічаць хутка.
«Калі мы пачнем атаку, яна будзе хуткай, жорсткай і салодкай, менавіта так, як тэрарысты-бандыты атакуюць нашых дарагіх хрысціянаў», — падсумаваў Трамп.
Нагадаем, днём раней амерыканскі лідар сказаў, што хрысціянства ў Нігерыі знаходзіцца пад пагрозай. З гэтай прычыны ЗША лічаць яе «краінай, якая выклікае асаблівую заклапочанасць».
Паводле яго допісу, у Нігерыі забілі 3100 хрысціянаў, таму неабходна тэрмінова нешта прадпрыняць.
Адзначым, што хрысціяне ў Нігерыі сутыкаюцца з адной з самых маштабных хваль пераследу ў свеце. Паводле даных Еўрапарламента, у перыяд з 2019 па 2023 гады амаль 17 тысяч хрысціянаў былі забітыя ў мэтанакіраваных нападах, а ў 2025 годзе больш за 7 тысяч страцілі жыццё за першыя сем месяцаў.