Захарава пайшла супраць Пуціна?
- 2.11.2025, 2:10
У МЗС Расіі развянчалі ўласны міф.
Афіцыйная прадстаўніца МЗС Расіі Марыя Захарава прызнала, што спорт з'яўляецца часткай палітыкі. Раней расійскія ўлады, у тым ліку дыктатар Пуцін, а таксама расійская прапаганда гадамі крычалі пра адваротнае.
Адпаведны каментар Захаравай прыводзіць «Матч ТВ». Марыя змяніла вядомы крэмлёўскі наратыў пра тое, што спорт — па-за палітыкай. Паводле яе слоў, спорт з'яўляецца часткай палітыкі, а Расія цяпер выступае супраць яго «палітызацыі», заўважыў «Тэлеграф».
- Спорт — гэта, безумоўна, і частка аблічча дзяржавы, частка палітыкі дзяржавы, знешняй палітыкі. Не трэба быць наіўнымі. Палітыка будзе і ў спорце, і ў культуры, і ў навуцы таксама. Што мы сапраўды павінны адрынуць — гэта палітызацыю. То-бок тады, калі палітыка выціскае спорт са спорту і займае ўсю прастору. Ці калі палітыка падпарадкоўвае спорт выключна кан'юнктурным, балючым мэтам і задачам або светапоглядам нейкай пэўнай групы. Вось гэта недапушчальна. Палітыка будзе заўсёды і ўсюды, гэта відавочна, а вось палітызацыю трэба нізводзіць і пераследаваць, усяляк кляйміць, - заявіла Захарава.
Заўважым, што Пуцін пры кожнай зручнай нагодзе заяўляў, што спорт павінен заставацца па-за палітыкай. Гэтыя заявы пачаліся пасля допінг-скандалаў вакол расійскага спорту і адпаведных санкцый і пачасціліся пасля адстаранення расійскіх атлетаў з-за поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну.
Дарэчы, нягледзячы на ўласны ж наратыў, улады РФ пастаянна змешваюць спорт і палітыку. Яскравым прыкладам з'яўляецца ўдзел зорак расійскага спорту ў мітынгу Пуціна ў Лужніках у сакавіку 2022 года. Дарэчы, атлеты адразу ж пачалі губляць спонсараў з-за гэтага.