Мальдывы ўвялі новую жорсткую забарону, якая датычыцца турыстаў
- 2.11.2025, 0:30
Парушальнікам пагражаюць штрафы ад 280 да 2800 еўра.
Астраўная дзяржава Мальдывы, вядомая сваімі люкс-курортамі, увяла жорсткую забарону на курэнне для ўсіх, хто нарадзіўся пасля 2006 года. Норма датычыцца ў тым ліку і турыстаў, піша DW.
Забарона ўступіла ў сілу з 1 лістапада. Згодна з новым законам, асобы, якія нарадзіліся 1 студзеня 2007 года або пазней, не маюць права набываць, ужываць і нават прадаваць любыя тытунёвыя вырабы. Увядзеннем такой забароны ўлады краіны спадзяюцца спыніць распаўсюджванне шкоднай звычкі сярод новых пакаленняў грамадзян.
Пры гэтым у краіне ўжо дзейнічае поўная забарона на электронныя цыгарэты і вейпы — для ўсіх, незалежна ад узросту. Гэта датычыцца ў тым ліку турыстаў, якім забаронена прывозіць іх з сабой і карыстацца гэтымі гаджэтамі.
Парушальнікам абодвух законаў пагражаюць салідныя штрафы. За цыгарэты для моладзі — 50 000 руфій (каля 2800 еўра), а за вейпы — 5000 руфій (280 еўра).