BE RU EN

ЗША раскрылі сетку расійскіх хакераў, датычных да нападаў на абаронныя кампаніі

  • 19.11.2025, 23:27

Падрабязнасці.

ЗША, Вялікабрытанія і Аўстралія ўвялі санкцыі супраць расійскіх кампаній, што аказваюць паслугі хостынгу і ІТ-інфраструктуры для хакераў і кіберзлачынцаў — «Медыя Лэнд» і Aeza Group, паведаміла Міністэрства фінансаў ЗША. Кампаніі прадастаўлялі так званы bulletproof-хостынг — ІТ-інфраструктуру, створаную для таго, каб укрываць злачынцаў ад сачэння і расследаванняў праваахоўных органаў, перадае The Moscow Times.

Санкцыі Міністэрства фінансаў ЗША закранулі расійскія і замежныя ІТ-кампаніі. У спіс уключаны: «Дата-цэнтр Кірышы» (Санкт-Пецярбург) і яго гендырэктар Аляксандр Валасовік, а таксама звязаныя з ім кампаніі «Медыя Лэнд», «Медыя Лэнд Тэхналогіі», ML Cloud. Валасовік таксама вядомы як Ohyeahhellno, podzemniy1 і Yalishanda. Разам з ім у санкцыйны спіс адной групай трапілі яго супрацоўнікі Юлія Панкова і Кірыл Заталакін, сербская Smart digital ideas, брытанская Hypercore і зарэгістраваная ў Узбекістане Datavice.

Міністэрства фінансаў ЗША называе «Медыя Лэнд» пастаўшчыком паслуг хостынгу, які ігнараваў скаргі на незаконны кантэнт і не раскрываў звесткі пра кліентаў. Паводле сцверджанняў амерыканскіх уладаў, такія паслугі кампанія прадастаўляла «крымінальным гандлёвым пляцоўкам» і хакерам, што выкарыстоўваюць праграмы-вымагальнікі. Інфраструктура «Медыя Лэнд» выкарыстоўвалася ў шматлікіх DDoS-атаках на кампаніі і крытычна важную інфраструктуру ЗША.

Таксама санкцыі ўведзены супраць супрацоўнікаў Aeza Group Максіма Макарава і Іллі Закірава. Паводле Мінфіна ЗША, Aeza забяспечвала тэхнічную падтрымку хакерскіх груповак пры нападах на амерыканскія абаронныя і тэхналагічныя кампаніі. З дапамогай Aeza Group кралі персанальныя даныя, паролі і камерцыйную інфармацыю. Скрадзеныя даныя затым прадаваліся на даркнет-пляцоўках і выкарыстоўваліся для далейшых атак. Санкцыі ўведзены супраць даччыных структур кампаніі, сярод якіх Aeza International з Вялікабрытаніі. Яна здавала хакерам у арэнду IP-адрасы.

Акрамя таго, Aeza Group прадастаўляла хостынг вядомаму расійскаму даркнет-маркетплейсу Blacksprut, які лічаць адным з пераемнікаў закрытай Hydra, адной з найбуйнейшых у свеце пляцовак па продажы наркотыкаў. Паводле дадзеных Міністэрства фінансаў ЗША, праз такія маркетплейсы распаўсюджвалася абсталяванне і хімікаты для вытворчасці фентанілу, якія траплялі ў ЗША.

Раней ЗША ўжо ўнеслі ў санкцыйны спіс кіраўнікоў і суўладальнікаў Aeza Group: Арсенія Пензева, Юрыя Бозаяна, Уладзіміра Гаста, Ігара Князева. Паводле даных амерыканскіх уладаў, Пензев і Бозаян раней былі затрыманыя ў Расіі за размяшчэнне інфраструктуры Blacksprut на серверах Aeza Group. Пасля вобыскаў у Aeza ў Расіі супраць Бозаяна і Пензева ўзбудзілі крымінальную справу па артыкулах 210 («Арганізацыя злачыннай супольнасці (злачыннай арганізацыі)») і 228.1 («незаконны абарот наркотыкаў») КК РФ. Ім пагражае да 20 гадоў турэмнага зняволення.

Апошнія навіны