Улады пагражаюць увесці поўную аплату ЖКП
- 19.11.2025, 14:26
Колькі заплацяць беларусы.
Чыноўнікі збіраюцца ў найбліжэйшыя гады больш актыўна павышаць тарыфы на некаторыя жыллёва-камунальныя паслугі. Ідзе гаворка пра ацяпленне і падагрэў вады. Цяпер субсідаваныя тарыфы на гэтыя паслугі ў пяць разоў ніжэйшыя, чым эканамічна абгрунтаваныя. «Зеркало» падлічыла, якімі былі б «жыроўкі» беларусаў, калі б ужо цяпер уводзілі 100-працэнтную аплату ўсіх ЖКП.
Чыноўнікі сцвярджаюць, што беларусы аплачваюць 100% кошту ЖКП, акрамя цяплавой энергіі. Але па гэтых паслугах істотная розніца паміж субсідаванымі тарыфамі і эканамічна абгрунтаванымі — у пяць разоў.
Цяпер поўны тарыф на ацяпленне і падагрэў вады складае 134,94 рубля за 1 Гкал, а льготны — 27,2323 рубля.
«Жыроўка» за кватэру плошчай 63,3 кв. м у адным з райцэнтраў за кастрычнік пацягнула на 55,59 рубля (але без уліку гарачай вады — гэтага радка ў плацёжцы няма, то-бок паслугай не карыстаюцца). Калі б ацяпленне палічылі паводле поўнага тарыфу, агульная сума склала б 112,61 рубля.
За кватэру плошчай 67,1 кв. м (населены пункт невядомы) кастрычніцкая «жыроўка» была на 85,25 рубля. Калі б ацяпленне і падагрэў вады пералічылі паводле эканамічна абгрунтаванага тарыфу, агульная сума вырасла б да 157,63 рубля.
Нагадаем, беларусы абмяркоўваюць «дармаедскія» жыроўкі за кастрычнік — рахункі па поўных тарыфах за ЖКП пачалі разлічваць па-новаму. Сумы ў іх у многіх аказаліся большыя, чым былі раней.