BE RU EN

Загадкавыя дроны Surveyor збілі больш за 1000 «Шахедаў» ва Украіне

  • 19.11.2025, 13:21

Войскі НАТА хочуць зрабіць на іх стаўку.

Сістэма Merops знішчыла ва Украіне больш за 1000 расійскіх беспілотнікаў «Шахед», выкарыстоўваючы перахопнікі Surveyor. Цяпер яе разгортваюць у краінах НАТА.

Заходнія ўрады высока ацанілі поспехі Merops і спадзяюцца, што яна абароніць Усходнюю Еўропу ад атак Узброеных сіл РФ у будучыні. Пра гэта піша выданне Business Insider, журналісты якога даведаліся падрабязнасці падчас ваенных вучэнняў у Польшчы, што праходзяць на гэтым тыдні. У іх узялі ўдзел амерыканскія, польскія і румынскія вайскоўцы.

Як распавёў прадстаўнікам СМІ брыгадны генерал арміі ЗША Кёрціс Кінг, камандуючы 10-м камандаваннем супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны, сістэма Merops аказалася вельмі эфектыўнай у барацьбе з дронамі-камікадзэ ва Украіне. Па яго ацэнцы, менавіта на яе прыпадае да 40% збітых «Шахедаў».

Яе распрацавалі ў межах амерыканскай ініцыятывы Project Eagle. Комплекс складаецца з невялікай наземнай сістэмы кіравання, стартавых платформаў і беспілотнага лятальнага апарата-перахопніка Surveyor. Кошт аднаго такога дрона — каля 15 000 долараў.

Surveyor кіруецца аператарам уручную або наводзіцца на мэту аўтаномна, выкарыстоўваючы цеплавыя, радыёчастотныя або радыёлакацыйныя датчыкі. Перахопнік разганяецца прыкладна да 280 км/г і нясе невялікую баявую частку, якая выбухае пры таране варожага дрона або пры дыстанцыйным падрыве.

Заходнія вайскоўцы сцвярджаюць, што Surveyor ляціць дастаткова хутка, каб дагнаць рэактыўныя «Шахеды», хоць сам выкарыстоўвае прапелеры. Дрон, нібыта, устойлівы да ўздзеяння сродкаў радыёэлектроннай барацьбы, што сталі вялікай праблемай для БПЛА ва Украіне.

Surveyor ужо перахапіў больш за 1900 дронаў у баявых умовах, уключаючы разведвальныя і ўдарныя мадэлі. Звычайна палёт займае ўсяго некалькі хвілін. Падчас вучэнняў у Польшчы дроны запускалі з аўтамабіляў-пікапаў.

Усей сістэмай кіруе экіпаж з чатырох чалавек: камандзіра, пілота і двух тэхнікаў. На навучанне патрабуецца два тыдні, што значна менш, чым для многіх іншых сучасных відаў узбраення.

Раней ва Украіне выкарысталі новы дрон-перахопнік. 5-я асобная цяжкая механізаваная брыгада паказала, як ён знайшоў і расстраляў варожы БПЛА ў небе.

Вельмі эфектыўна ўкраінскія дроны STING збіваюць «Шахеды». Як заявіла каманда «Дзікія Шэршні», за адну ноч яны могуць знішчыць каля сотні мэт.

Апошнія навіны