Беларускія прадпрыемствы назапасілі на складах прадукцыі амаль на $4 мільярды
- 19.11.2025, 12:16
У параўнанні з мінулым годам гэта сума аказалася на 34,7% большай.
Беларускія прамысловыя прадпрыемствы да 1 лістапада 2025 года назапасілі на сваіх складах прадукцыі амаль на 4 млрд долараў. У параўнанні з мінулым годам гэта сума аказалася на 34,7% большай.
Такую статыстыку, спасылаючыся на справаздачы беларускіх дзяржаўных органаў, прывёў партал Banki24.by.
Паводле аператыўных дадзеных афіцыйных ведамстваў, усяго на складах прамысловых прадпрыемстваў да 1 лістапада назапасілася прадукцыі на 11,312 млрд рублёў (у эквіваленце больш за 3,8 млрд долараў). Суадносіны складскіх запасаў да сярэднямесячнай вытворчасці падскочылі з 62,5% у лістападзе мінулага года да 81,2% на 1 лістапада 2025 года.
Паводле дадзеных аглядальнікаў Banki24.by, гэта самы высокі паказчык за апошнія 12 гадоў. Спецыялісты патлумачылі яго нізкім попытам на беларускую прадукцыю ў Расіі на фоне агульнага запаволення эканомікі суседняй краіны. Менавіта Расія цяпер застаецца галоўным рынкам збыту для большасці прадпрыемстваў беларускай прамысловасці.
Тым часам Белстат напярэдадні паведаміў пра павелічэнне валавага ўнутранага прадукту. Па выніках кастрычніка аб’ём ВУП Беларусі ў бягучых цэнах дасягнуў 234,6 млрд рублёў (амаль 79 млрд долараў у эквіваленце). У супастаўных цэнах да ўзроўню студзеня – кастрычніка 2024 года гэты паказчык падрос на 1,5%, канстатавалі ў Нацыянальным статыстычным камітэце, аднак гэта ў разы менш за мэтавы паказчык, заяўлены ўрадам на 2025 год.