«Зялёны змей» дабівае насельніцтва Расіі
- 19.11.2025, 8:46
З-за нізкіх даходаў расіяне аддаюць перавагу купляць танны сурагат.
У Расіі штогод ад атручвання алкаголем гіне больш за 10 тысяч чалавек, бо пашыраецца рынак таннага сурагату. Пра гэта паведаміла Служба знешняй разведкі Украіны.
Паводле даных СВР, у Расіі ў 2025 годзе ўжо адбылося шмат масавых атручванняў алкаголем. Напрыклад, у Саратаўскай вобласці па гэтай прычыне зафіксавалі ўжо 126 смерцяў, а ў Ленінградскай вобласці – 49 за адзін інцыдэнт (па гэтай крымінальнай справе затрымалі больш за 10 чалавек, падазраваных у вырабе і продажы нелегальнай алкагольнай прадукцыі – прым. рэд.).
З-за нізкіх даходаў насельніцтва Расіі аддае перавагу купляць танны сурагат. Набірае абароты самагонварэнне. У 2025 годзе ў РФ продажы самагонных апаратаў павялічыліся на 37%. На дадзены момант у расіян налічваецца каля 2,5 млн самагонных апаратаў, а хатні самагон ужо заняў 20% рынку моцнага алкаголю.
У Расіі нядаўна ўхвалілі закон, які павінен урэгуляваць рынак метанолу. Напрыклад, неабходна будзе абавязкова цягам месяца знішчаць канфіскаваныя рэчывы, што перашкодзіць несумленным паліцэйскім прадаваць «рэчавыя доказы».
СВР лічыць, што гэта касметычнае рашэнне, якое не закране корань праблемы, што ляжыць у карупцыі праваахоўнікаў і вельмі нізкіх даходах большасці насельніцтва.
Такім чынам, рынак нелегальнага алкаголю ў Расіі нікуды не дзенецца, а сотні тысяч людзей будуць падвяргацца смяротнай небяспецы. Заўважым, улады Расіі рэгулярна павышаюць цэны на алкаголь, тлумачачы гэта нібыта клопатам пра здароўе насельніцтва. Насамрэч Крэмль спрабуе папоўніць дзяржаўны бюджэт.