У якіх сферах у Беларусі працуе больш за ўсё пенсіянераў?
- 18.11.2025, 22:07
У краіне налічваецца 2,2 мільёна людзей пенсійнага ўзросту.
Міністэрства працы ацаніла, колькі людзей працуе пасля выхаду на пенсію. Гэтыя дадзеныя ведамства разаслала ў розныя дзяржаўныя органы ў канцы кастрычніка. Дакумент апынуўся ў распараджэнні «Зеркала»
На пачатак 2025 года ў Беларусі налічвалася 2,2 млн людзей пенсійнага ўзросту (58 гадоў для жанчын і 63 гады для мужчын). У лісце Мінпрацы гаворыцца, што на 1 студзеня больш за 447 тысяч з іх працягвалі працаваць.
Больш за ўсё пенсіянераў у сферы адукацыі — 45 тысяч спецыялістаў з дыпломам ВНУ, з іх у школах — 17 тысяч чалавек.
Без мала 40 тысяч — гэта «работнікі службаў, якія ажыццяўляюць ахову грамадзян і маёмасці».
Амаль 24 тысячы чалавек старэйшыя за працаздольны ўзрост працягваюць ажыццяўляць «індывідуальны догляд», адзначаецца ў дакуменце. У гэтую катэгорыю ўваходзяць і памочнікі выхавальнікаў у дзіцячых садах, і памочнікі па доглядзе, і сядзелкі. Пры гэтым найбольшая частка — тыя, хто аказвае індывідуальны догляд пацыентам у бальніцах і цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання. Такіх супрацоўнікаў — 17,8 тысячы чалавек.
Нямала пенсіянераў і ў медыцыне. Найбольш спецыялістаў са сярэдняй спецыяльнай адукацыяй (медыцынскія сёстры, фельчары, акушэркі і лабаранты) — 21 тысяча чалавек.
Часта працягваюць працаваць на пенсіі вадзіцелі і машыністы. Такіх на рынку працы 20 тысяч, а 7,5 тысячы з іх — вадзіцелі грузавых аўтамабіляў.
Больш за 20 тысяч чалавек старэйшых за працаздольны ўзрост заняты ў галіне навукі, тэхнікі і тэхналогій. З іх 14 тысяч — рознага роду інжынеры (акрамя электратэхнікаў).
Каля 18 тысяч беларусаў на пенсіі — гэта аператары, апаратчыкі, машыністы і іншыя рабочыя па абслугоўванні прамысловага абсталявання.