У Беларусі з'явіцца новая ўстанова вышэйшай адукацыі
- 18.11.2025, 13:57
Толькі для «эліты».
У прэс-службе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ) абвясцілі пра стварэнне Вышэйшай школы прыродазнаўчых навук і тэхналогій. Ідэя яе адкрыцця прагучала ў 2024 годзе на Рэспубліканскім педагагічным савеце: тады Аляксандр Лукашэнка даручыў сфарміраваць структуру, якая будзе рыхтаваць спецыялістаў «апераджальнага ўзроўню». Але вучыцца там змогуць далёка не ўсе.
Праграма навучання разлічана на 5 гадоў. Першыя тры курсы студэнты будуць паглыблена вывучаць фундаментальныя прыродазнаўчыя дысцыпліны. На старшых курсах акцэнт будзе зроблены на практыку: прадугледжаны стажыроўкі ў навуковых цэнтрах і профільных арганізацыях, удзел у вытворчых працэсах і рэгулярныя выезды на прадпрыемствы.
Падрыхтоўка студэнтаў будзе весціся па пяці эксперыментальных праграмах:
інтэлектуальныя радыёфізічныя сістэмы і тэхналогіі;
прыкладная фізіка і інфарматыка;
прыкладная матэматыка, механіка і інфарматыка;
фундаментальная і прыкладная хімія;
фундаментальная геаграфія.
Адзін дзень на тыдзень цалкам аддадуць навуковым даследаванням. Студэнты будуць развіваць уласныя праекты, а найбольш перспектыўныя распрацоўкі плануецца ўкараняць у айчынную вытворчасць, падкрэслілі ў БДУ.
Каля паловы вучэбных заняткаў пабудуюць па індывідуальнай мадэлі, з «улікам тэмпу і патрэбаў кожнага студэнта». У выкладчыцкі склад увайдуць эксперты вядучых навуковых устаноў Беларусі. Асобныя курсы будуць чытаць на англійскай мове – з удзелам замежных спецыялістаў.
У БДУ адзначылі, што незалежна ад спецыяльнасці кожны выпускнік атрымае комплексныя веды па ўсіх напрамках падрыхтоўкі. Так, студэнт-фізік будзе разбірацца ў геаграфіі, а будучы хімік – валодаць сучаснымі IT-інструментамі. Такі падыход павінен сфарміраваць універсальнага спецыяліста, лічаць у прэс-службе ўніверсітэта.
Старт навучання запланаваны на наступны навучальны год. Аднак Вышэйшая школа арыентавана ў першую чаргу на падрыхтоўку адоранай моладзі – пераможцаў алімпіяд, выпускнікоў Ліцэя БДУ і Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Для іх залічэнне адбудзецца паводле вынікаў унутранага субяседавання. Астатнім абітурыентам спатрэбіцца таксама здаць унутраны экзамен.