Кембрыджскі слоўнік назваў слова года
- 18.11.2025, 13:31
Яно адлюстроўвае дух 2025-га.
Кембрыджскі слоўнік абвясціў словам года 2025 — «парасацыяльны». Так называюць пачуццё мнімай блізкасці, якое чалавек адчувае да вядомай асобы, з якой ніколі не сустракаўся, — піша Independent (пераклад — сайт Charter97.org).
Псіхолагі адзначаюць, што рост падобных аднабаковых прывязанасцяў заўважна змяняе культуру фанатаў і ўяўленні пра знакамітасці. Калі, напрыклад, спявачка Тэйлар Свіфт і спартовец Трэвіс Келсі абвясцілі пра заручыны, многія прыхільнікі рэагавалі так, быццам з'яўляюцца іх блізкімі сябрамі. Усё часцей парасацыяльныя сувязі ўзнікаюць і з інтэрнэт-інфлюэнсарамі, і нават з чат-ботамі на аснове штучнага інтэлекту.
Прадстаўнік слоўніка Колін Макінтош патлумачыў выбар так: «Парасацыяльны — слова, якое адлюстроўвае дух 2025 года. Калісьці гэта быў вузкі навуковы тэрмін, а цяпер ім цікавяцца мільёны людзей». Паводле яго слоў, колькасць пошукаў гэтага паняцця на сайце слоўніка рэзка ўзрасла.
Тэрмін з'явіўся яшчэ ў 1956 годзе, калі сацыёлагі Чыкагскага ўніверсітэта заўважылі, што тэлегледачы ўспрымаюць экранных персанажаў амаль як членаў сям'і — тэлебачанне стала «часткай дому», фармуючы ілюзію асабістых адносін.
Прафесар Кембрыджскага ўніверсітэта Сімона Шналль падкрэсліла, што многія сучасныя парасацыяльныя сувязі становяцца нездаровымі: людзі пачынаюць давяраць інфлюэнсарам як блізкім, а некаторых дзеячаў анлайн-культуры — успрымаць як аўтарытэтаў або нават куміраў.