Экс-чыноўнік распавёў, якое пытанне задаў бы беларускім аграрыям
- 18.11.2025, 13:21
Не варта сляпа верыць лічбам і заявам пра поспехі ў сельскай гаспадарцы.
У гэтым годзе ў Беларусі вытворчасць збожжа перавысіць яго спажыванне. Ва ўсякім разе, так сцвярджае віцэ-прэм’ер Юрый Шулейка. Па яго словах, «каравай вялікі» — сабрана каля дзесяці мільёнаў тон збожжа і адзін мільён тон насення рапсу.
Судзячы з інтэрв’ю віцэ-прэм’ера на дзяржаўным тэлеканале, раней збожжа не хапала і яго даводзілася закупляць у Расіі, але ў апошнія два гады ў сувязі з добрым ураджаем многія гаспадаркі «прапануюць свае паслугі да продажу». У прыватнасці, за 2025-ы аграрнікі плануюць атрымаць каля $9 млрд экспартнай выручкі.
Вялікі ўраджай — гэта добра. Аднак ёсць адразу некалькі «але». Прадпрымальнік, экс-чыноўнік Стаўбцоўскага райвыканкама Мікалай Лысенкаў у каментары «Філіну» патлумачыў, чаму не варта сляпа верыць лічбам і заявам пра поспехі ў сельскай гаспадарцы.
І першае, на што звяртае ўвагу наш суразмоўца, — у Беларусі ў статыстыцы ўлічваецца збожжа, якое ўбралі з поля, а не тое, колькі паклалі на склад:
— Убрана, магчыма, і 10 мільёнаў тон разам з кукурузай. Але яшчэ мінус усушка, мінус засмечанасць, мінус насенне пустазелля — то бок фактычна ў склад лёгла менш. У нас заўсёды так адчытваліся, каб паказаць прыгожыя лічбы.
І не забываем пра рапс, які ніколі не быў збожжавай культурай. Але чыноўнікі ж хочуць выслужыцца перад Лукашэнкам, а рапс убіраецца тымі ж збожжаўборачнымі камбайнамі, на тых жа збожжасушыльных комплексах сушыцца — вось і вырашылі яго дадаць. Трэба ж хоць нешта людзям уціраць.
Увогуле, 10 мільёнаў тон збожжа — для Беларусі быў бы добры паказчык гэтак у 1980-м годзе, умоўна, 40 гадоў таму.
У Савецкім Саюзе лічылася, што харчовая бяспека краіны забяспечваецца, калі збіраюць каля тоны збожжа на чалавека — гэта было прапісана яшчэ ў савецкіх падручніках па эканоміцы 1970-х гадоў.
Але нават калі прыняць на веру афіцыйныя лічбы — гэта не прагрэс. Гэта тая планка, з якой мы мусілі стартаваць 30–40 гадоў таму. Нашы суседзі за мінулы час пайшлі далёка наперад: тая ж Польшча, Літва, Украіну нават не будзем лічыць — там вайна ідзе, а ўраджайнасць значна вышэйшая, чым у нас.
Чаму так атрымалася, мы казалі шмат разоў: там няма калгасаў, але ёсць гаспадар, які сам прымае рашэнне, без указанняў старшыні, калі пачаць пасеў, а калі скончыць уборку.
Не забываем і пра розніцу ў ўзроўні падтрымкі сельскай гаспадаркі. У Беларусі яна існуе літаральна як падтрымка штаноў, каб не памерлі стратныя прадпрыемствы. А на развіццё грошы не выдзяляюцца — іх няма.
А рашэнні ў нас, на жаль, прымаюцца ў міністэрстве. І вось вынік.
СПК, ААТ і іншыя, па сутнасці, тыя ж калгасы, што і былі раней, да планкі ў 10 мільёнаў тон збожжа прыйшлі праз 30 гадоў кіравання Лукашэнкі.
Больш за тое, калі ўзгадаць рэкардны ўраджай збожжавых 1986 года (50,5 цэнтнера з гектара), — выходзіць, што цяпер мы атрымалі нават менш, чым пры Савецкім Саюзе. Тупталіся на месцы, каб аднавіць тое, што мелі шмат гадоў таму.
А калі ацаніць, якім быў 2025 год для беларускіх аграрнікаў? Успамінаюцца скандалы з дэфіцытам бульбы, нястачай цыбулі і ўзлётам цэны на капусту, «залатыя» ў міжсезонне памідоры і перцы, скаргі на доўгія замаразкі і летнія ліўні, неўраджай яблыкаў, у сувязі з чым улады зноў «памілавалі» польскі імпарт.
Праўда, на нядаўнім уганараванні лепшых работнікаў сельскагаспадарчай галіны Лукашэнка заявіў, маўляў, «год быў вельмі цяжкім», але «спрацавалі лепш, чым калі-небудзь».
— Я б не сказаў, што год быў правальным, — запярэчвае Мікалай Лысенкаў. — Ён быў такі ж, як 5 або 10 гадоў таму, падобныя пагодныя ўмовы: дзе-нідзе заліло, дзе-нідзе перасушыла. Беларусь, як мы памятаем, адносіцца да зоны рызыкоўнага земляробства, але не было катастрафічных форс-мажораў. Нават, напэўна, з надвор’ем аграрыям усё ж такі падфарціла, раз сабралі вялікі ўраджай.
На мой погляд, у беларускай сельскай гаспадарцы — тое, што ўлады называюць стабільнасцю, а па сутнасці — застой і адсутнасць развіцця. Дзе-нідзе мы падымаемся крыху вышэй, дзе-нідзе — крыху горш.
Што мяне больш за ўсё не радуе, калі чыноўнікі рапартуюць пра цяперашні добры ўраджай, — прафіцыт збожжа. Гэта кажа пра тое, што мы загубілі жывёлагадоўлю. Нават паводле афіцыйных дадзеных, падзеж жывёлы расце, вытворчасць вялікай рагатай жывёлы стратная.
Ідэю прадаць вырашчанае збожжа на знешнія рынкі лічу неэфектыўнай. Больш эфектыўна канвертаваць яго ў мяса: вырасціць птушку, вялікую рагатую жывёлу і экспартаваць ялавічыну, свініну, птушку, яйкі. А яшчэ лепш — канчатковы прадукт, нават не паўтушкі, а, напрыклад, каўбасы. Іспанія ж не прадае збожжа і сырое мяса, а прадае па ўсім свеце хамон і зарабляе на яго экспарце зусім іншыя грошы.
Для чыноўнікаў, зразумела, галоўнае — адчытвацца, што сабралі больш, чым летась, больш, чым пазалетась. Але калі зірнуць збоку — гэта жудасна, радавацца, што паўтарылі дасягненні мінулага.
Я б сабраў усіх чыноўнікаў і спытаў: а чаму мы не выйшлі на ўзровень Польшчы? Мы на адной шыраце знаходзімся, што нам перашкаджае канкураваць з Польшчай, а не перамагаць саміх сябе соракaгадовай даўніны?