Кітай пачаў рыхтаваць палігон для ядзерных выпрабаванняў
- 18.11.2025, 10:14
Журналісты назвалі галоўныя мэты Пекіна.
Кітай хутка пашырае і мадэрнізуе палігон для ядзерных выпрабаванняў у заходняй частцы Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна (правінцыя на паўночным захадзе Кітая), дзе ў 1964 годзе ён упершыню выпрабаваў атамную бомбу, піша The Washington Post са спасылкай на спадарожнікавыя здымкі і аналіз экспертаў.
Разлік робіцца не толькі на тое, каб дагнаць ЗША і Расію, але і каб забяспечыць ядзернае стрымліванне ЗША пры спробе захопу Тайваня.
Ваенныя праклалі новыя тунэлі і дарогі, прасвідравалі дзве буйныя свідравіны ў пустыні, якія могуць стаць асновай для адмысловых вертыкальных шахт для правядзення ядзерных выбухаў большай магутнасці, пабудавалі дапаможныя збудаванні і наладзілі электразабеспячэнне, піша WaPo. «У цэлым гэта сведчыць пра істотнае развіццё інфраструктуры за апошнія пяць гадоў і рэзкае павелічэнне магчымасцяў па правядзенні выпрабаванняў», — сказаў газеце Рэнні Бэб'ярц, віцэ-прэзідэнт AllSource Analysis, які рэгулярна праводзіць геапрасторавы аналіз гэтых аб'ектаў.
Работы пачаліся ў 2021 годзе, а ў гэтым годзе яны вядуцца бесперапынна, паказваюць даныя Бэб'ярца. У сваёй ядзернай праграме Кітай адстае ад ЗША і Расіі; менавіта гэта можа быць прычынай падрыхтоўкі выпрабавальнага аб'екта. «Паколькі Кітай правёў найменшую колькасць ядзерных выпрабаванняў, у яго значна менш эмпірычных даных. Магчыма, яму патрэбныя дадатковыя эксперыменты… каб больш даведацца пра ядзерную зброю», — кажа Тон Чжао, старшы навуковы супрацоўнік Фонду Карнегі за міжнародны мір.
Магчымая падрыхтоўка Кітая да ядзерных выпрабаванняў адбываецца на фоне эскалацыі ў дачыненнях паміж Расіяй і ЗША.