Пад Амскам узляцеў у паветра магістральны газаправод
- 18.11.2025, 11:45
Зарыва было відаць за некалькі кіламетраў.
У Амскай вобласці ў полі каля пасёлка Растоўка выбухнуў участак магістральнага газаправода, пасля чаго ўспыхнуў пажар, паведаміў губернатар рэгіёна Віталь Хаценка. «Па папярэдняй інфармацыі, пацярпелых няма. <�…> Жыхарам Амскага раёна і іншых населеных пунктаў нашага рэгіёна нічога не пагражае», — напісаў Хаценка ў тэлеграм-канале. Паводле яго слоў, выбух адбыўся ў выніку аварыі на падземным участку газаправода. У аператыўных службах удакладнілі ТАСС, што гаворка ідзе пра газаразмеркавальную станцыю. На тушэнне пажару былі накіраваныя 4 адзінкі тэхнікі і 18 супрацоўнікаў МНС, піша The Moscow Times.
Мясцовыя жыхары распавялі Shot, што выбух прагрымеў у квартале Врубелева, а зарыва ад наступнага пажару было відаць за некалькі кіламетраў.
Губернатар Амскай вобласці пазней паведаміў, што з-за аварыі на газаправодзе ў рэгіёне ад газазабеспячэння адключылі шэраг прамысловых прадпрыемстваў. «На дадзены момант кацельні забяспечваюцца газам па рэзервовых газаправодах, на кацельнях сфарміраваны рэзервныя віды паліва. <�…> Задача — у найбліжэйшы час аднавіць падачу газу па пастаяннай схеме. Па інфармацыі спецыялістаў \"Газпрома\", тэрмін аднаўлення зойме да сутак», — адзначыў Хаценка.
Упраўленне Следчага камітэта (СК) Расіі па Амскай вобласці пачало праверку па факце выбуху газаправода ў рэгіёне. У ведамстве адзначылі, што следчыя выехалі на месца здарэння для агляду і высвятлення ўсіх абставінаў таго, што адбылося. У сваю чаргу, у рэгіянальным упраўленні Федэральнай службы бяспекі паведамілі ТАСС, што прычынай узгарання маглі стаць рамонтныя работы на наземным газаправодзе.
У падраздзяленні «Газпром трансгаз Томск» заявілі, што рыхтуюцца да правядзення аднаўленчых работ і мяняюць сістэму падачы газу ў Амскай вобласці. Расследаваннем прычын таго, што адбылося, зоймецца спецыяльная камісія, дадалі ў арганізацыі.
Мінабароны РФ у зводцы за мінулую ноч не паведамляла пра збітыя над Амскай вобласцю ўкраінскія беспілотнікі.
Раней сайт Charter97.org пісаў пра таямнічы выбух на Сахаліне. Частка вострава засталася без святла.