BE RU EN

Дзве АЭС Украіны ўжо 10 дзён працуюць на паніжанай магутнасці

  • 18.11.2025, 5:29

З-за атакі РФ.

Хмяльніцкая і Роўненская АЭС апошнія 10 дзён працуюць на паніжанай магутнасці пасля пашкоджання электрычнай падстанцыі з-за паветранай атакі РФ у ноч на 7 лістапада. Пра гэта паведаміў генеральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі, 17 лістапада яго цытуе сайт агенцтва.

Паводле слоў Гросі, дзве АЭС былі адключаныя ад адной з двух ЛЭП напружаннем 750 кВ. Таксама было зменшана вытворчасць электраэнергіі на некаторых рэактарах пасля загаду аператара энергасістэмы.

Кіраўнік МАГАТЭ падкрэсліў, што падстанцыі — гэта крытычна важныя вузлы ў электрычнай сетцы Украіны. Яны служаць аб’ектамі, дзе трансфармуецца і кантралюецца ўзровень напружання для забеспячэння надзейнай перадачы электраэнергіі.

«Для атамных электрастанцый яны з’яўляюцца незаменнымі для падтрымання вонкавых крыніц электразабеспячэння, якія забяспечваюць працу сістэм бяспекі і астуджэння, таму іх цэласнасць мае жыццёва важнае значэнне для ядзернай бяспекі і абароненасці», — указаў Гросі.

Ён дадаў, што адну з пашкоджаных ЛЭП аднавілі, але другая дагэтуль не эксплуатуецца.

Тры рэактары працуюць з абмежаванай магутнасцю, рэзюмаваў генеральны дырэктар МАГАТЭ.

Апошнія навіны