Мядзведзеў: «СВО» не спыніцца, пакуль РФ не дасягне сваіх мэтаў ва Украіне
- 17.11.2025, 21:25
Улады РФ не хочуць спыняць вайну.
Намеснік старшыні Савета бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў сцвярджае, што поўнамаштабная агрэсія супраць Украіны завершыцца толькі пасля таго, як Расія «дасягне сваіх мэтаў».
Яго заяву цытуе расійскае прапагандысцкае агенцтва ТАСС.
Паводле слоў Мядзведзева, галоўная ўмова Расіі — «дасягненне мэтаў «СВО», у прыватнасці «дэнацыфікацыя».
«Спецыяльная ваенная аперацыя» (так у РФ называюць поўнамаштабную вайну супраць Украіны. — Рэд.) працягваецца. Мы будзем працягваць да тых часоў, пакуль Расія не дасягне «сваіх мэтаў», — сказаў ён.
Кіраўнік Цэнтра супрацьдзеяння дэзінфармацыі СНБО Украіны Андрэй Каваленка заявіў, што расійскія ўлады не бачаць магчымасці завяршыць вайну шляхам дамоўленасцяў і не адмаўляюцца ад першапачатковых намераў у дачыненні да Украіны.
Ён нагадаў, што, згодна з шэрагам заяў расійскага боку, мэта Крамля — знішчэнне ўкраінскай дзяржаўнасці і максімальнае выселенне ўкраінцаў з іх тэрыторый.
«Гэта азначае, што Расія выбірае курс, які можна проста назваць: «пераседзець Трампа». Гэта і працяг вайны, і паўза для аднаўлення сіл і паўтору агрэсіі. Пытанне толькі ў тым, ці будзе гэтая агрэсія і супраць краін НАТА», — дадаў Каваленка.