Расію ахапіла шрынкфляцыя
- 17.11.2025, 21:08
Тавары «худнеюць», але каштуюць столькі ж.
Расійскія вытворцы прадуктаў харчавання і рознічныя сеткі ўсё часцей змяншаюць памер упакоўкі, прапаноўваючы спажыўцам меншы аб'ём тавару па той жа цане і маскіруючы сапраўдны памер інфляцыі ў краіне, перадае The Moscow Times.
Штогод такая шрынкфляцыя абыходзіцца пакупнікам у 1 трлн рублёў, ці 3% ад усіх выдаткаў на прадукты харчавання, ацанілі ў Саюзе спажыўцоў РФ (СПРФ). «Тавар „худнее“, але каштуе столькі ж», — апісвае СПРФ феномен, які ўзнік на пачатку 2010-х і імкліва распаўсюджваецца па паліцах супермаркетаў. «Большасць расіян проста не заўважае, што плацяць ранейшую суму — але за меншую колькасць прадукту», — указваюць у саюзе.
Шрынкфляцыя ахапіла ўсе катэгорыі тавараў — бакалея, малочныя прадукты, кандытарскія вырабы, пацвярджае кіраўнік Асацыяцыі кампаній рознічнага гандлю (АКОРТ) Станіслаў Богданаў. Вытворцы змяншаюць памер упакоўкі, каб аптымізаваць інфляцыйныя выдаткі і прапанаваць пакупнікам звыклы прадукт па ранейшай цане.
Найбольш прыкметна шрынкфляцыя праяўляецца ў сегменце напояў, распавядае старшы выкладчык Інстытута міжнародных эканамічных сувязяў Ілья Масягін: стандартная ёмістасць бутэлькі скарацілася з 0,5 да 0,45 літра. Вытворцы гарбаты, кавы, расліннага алею і макарон скарацілі вагу на 10–20% без змянення цаны, пералічвае Масягін.
Паводле ацэнак NTech, сярэдні памер упакоўкі прадуктаў харчавання ў гэтым годзе скараціўся на 3%, а ў мінулым годзе — на 1%. Росту шрыкнфляцыі спрыяе «тэндэнцыя да змянення спажывецкіх звычак», адзначае Богданаў з АКОРТ.
У 2025 годзе ўпершыню за доўгі час продажы прадуктаў харчавання пачалі скарачацца ў натуральным выражэнні (у штуках, кілаграмах, літрах) праз масавы пераход спажыўцоў у рэжым эканоміі. Паводле апытанняў «Роміра», 68% спажыўцоў цяпер стараюцца знаходзіць зніжкі і акцыі, а 58% свядома адмаўляюцца ад пэўных тавараў, якія набывалі раней. Паводле дадзеных Gallup, 31% расійскіх грамадзян скардзяцца, што ім не стае грошай на ежу.
Шрынкфляцыя набывае сістэмны характар і працягнецца ў 2026 годзе, лічыць Масягін: выдаткі вытворцаў растуць, і яны будуць шукаць спосабы схаванага павышэння цэн. «Шрынкфляцыя становіцца дадатковым фактарам сацыяльнай напружанасці. Асабліва адчувальна гэта для катэгорый расіян з фіксаванымі даходамі і малаабяспечаных сем'яў, якія вымушаныя траціць больш на базавыя прадукты харчавання», — дадае Масягін.
СПФР прапануе на дзяржаўным узроўні абмежаваць шрынкфляцыю — абавязаць указваць на цэнніках упакаваных тавараў кошт у пераразліку на стандартызаваную адзінку вымярэння за 1 кг або 1 літр. Акрамя таго, на думку СПРФ, варта замацаваць патрабаванне ўніфікаванага афармлення ўсіх цэн на адзін тавар, уключаючы акцыйныя. Гэта датычыць шрыфту, памеру і колеру цэнніка.
Гэтыя меры забяспечаць «празрыстасць цэнаўтварэння і абарону пакупнікоў ад схаваных маніпуляцый», лічаць у саюзе.