BE RU EN

Літва незадаволеная планамі Беларусі пабудаваць яшчэ адзін энергаблок на Астравецкай АЭС

  • 17.11.2025, 19:43

Вільнюс заявіў пра «сур'ёзныя праблемы».

Дарадца прэзідэнта Літвы Дэйвідас Матулёніс заявіў, што намер Беларусі пабудаваць трэці энергаблок на Беларускай АЭС у Астраўцы каля мяжы з Літвой створыць яшчэ больш сур'ёзную праблему.

Заяву дарадцы цытуе LRT.

Матулёніс нагадаў, што літоўскі бок раней быў незадаволены планамі Беларусі пабудаваць першы і другі энергаблокі АЭС.

«А трэці энергаблок — гэта ў нас будзе яшчэ больш сур'ёзная праблема. Паглядзім, як тут рэагаваць, але на сённяшні дзень, здаецца, ёсць рашэнне, што плануецца будаваць. Нам давядзецца абмеркаваць гэтае пытанне больш падрабязна», — дадаў ён.

Дзяржаўнае агенцтва БелТА 14 лістапада паведаміла пра планы Беларусі пабудаваць трэці энергаблок на атамнай электрастанцыі ў Астраўцы.

Электрастанцыя ў горадзе Астравец на захадзе Гродзенскай вобласці знаходзіцца ў 15 км ад мяжы з Літвой і падвяргалася крытыцы з-за праблем з бяспекай, перш за ўсё з боку суседніх краін і міжнародных арганізацый.

Першы энергаблок запусцілі ў 2020 годзе, другі быў падключаны да беларускай энергасістэмы ў 2023 годзе. Станцыю будавала расійская дзяржаўная кампанія «Росатом», праект фінансаваўся Масквой.

Яшчэ ў 2017 годзе літоўскі Сейм заканадаўча замацаваў, што Беларуская АЭС з'яўляецца небяспечнай і ўяўляе пагрозу для нацыянальнай бяспекі, навакольнага асяроддзя і здароўя людзей. Тры краіны Балтыі ўрэшце дамовіліся байкатаваць электраэнергію з БелАЭС, калі яны яшчэ не былі адключаныя ад энергасістэмы Беларусі.

Апошнія навіны