Некаторыя рэйсы ў Польшчу больш не будуць заязджаць у Брэст
- 17.11.2025, 17:50
Маршруты пераносяць на памежны пераход «Бераставіца».
З 17 лістапада на беларуска-польскай мяжы для аўтобусаў адкрылі пункт пропуску «Бераставіца»/«Баброўнікі». У выніку ўсё больш перавозчыкаў зноў арганізуюць рэйсы ў Польшчу праз гэты памежны пераход. Такія аўтобусы больш не будуць заязджаць у Брэст.
Як паведамілі Office Life прадстаўнікі сэрвісу па продажы квіткоў Infobus.by, рэйсы праз гэты памежны пераход ужо з'явіліся ў раскладзе партнёраў-перавозчыкаў ТАА «Флайбус», ТАА «ЗЕТ» і DND Group Polska sp.z.o.o.
Так, кампанія «Флайбус» запусціла штодзённыя аўтобусы Гродна — Беласток — Варшава, якія адправяюцца а 00:20, 08:10 і 13:00. Зваротныя рэйсы — а 08:00, 14:50 і 20:30.
ТАА «ЗЕТ» будзе ездзіць з Гродна ў Беласток а 16:30 па нядзелях, панядзелках, серадах і чацвяргах. Зваротны рэйс прадугледжаны а 06:20 па аўторках, серадах, пятніцах і суботах.
DND Group Polska sp.z.o.o з 22 лістапада запускае рэйс Мінск — Беласток — Варшава а 16:30, які будзе ў раскладзе праз дзень. З 21 лістапада ў раскладзе ўжо ёсць і маршрут Варшава — Беласток — Мінск а 20:00, таксама праз дзень. Аўтобус заязджае ў Ліду і Гродна.
Прадстаўнікі сэрвісу звяртаюць увагу, што раней гэтыя рэйсы ішлі праз пункт пропуску «Брэст»/«Тэрэспаль». Цяпер пункт пропуску змяніўся, таму аўтобусы не будуць заязджаць у Брэст. Пасажыры, якія набылі квіток з Брэста або ў гэты горад на пазначаныя маршруты, могуць звярнуцца па поўнае вяртанне сродкаў па месцы куплі квітка.
Раней мы паведамлялі, што квіткі на аўтобусы ў Польшчу таннеюць на фоне адкрыцця двух пунктаў пропуску на беларуска-польскай мяжы.