Еўрасаюз гарантуе абарону Бельгіі пры выкарыстанні расійскіх актываў
- 17.11.2025, 17:08
Усе юрыдычныя рызыкі будуць пакрытыя для дапамогі Украіне.
Еўрапейская камісія прапанавала значныя гарантыі па пазыцы для Украіны ў памеры €140 мільярдаў, каб пераканаць Бельгію, што яна не застанецца сам-насам з магчымымі юрыдычнымі і фінансавымі наступствамі выкарыстання расійскіх актываў, якія знаходзяцца на бельгійскай тэрыторыі, — піша Politico (пераклад — сайт Charter97.org).
Прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла, што краіны Еўрасаюза гатовыя несці рызыкі магчымай расійскай рэакцыі на працягу многіх гадоў. У прыватнасці, Еўракамісія паабяцала пакрываць рызыкі «нават пасля таго, як абмежаванні на актывы будуць знятыя».
Бельгія баіцца, што выкарыстанне гэтых сродкаў можа зрабіць краіну ўразлівай перад расійскімі судовымі пазовамі як унутры краіны, так і за мяжой. Грошы, якія падпадаюць пад санкцыі, захоўваюцца ў бельгійскім дэпазітарыі Euroclear. Прэм'ер-міністр Бельгіі Барт дэ Вевер патрабуе фінансавых гарантый ад астатніх краін Еўрасаюза, каб абараніцца ад магчымых судовых патрабаванняў Масквы аб вяртанні актываў.
Асаблівую занепакоенасць у Бельгіі выклікае двухбаковае інвестыцыйнае пагадненне з Расіяй, падпісанае ў 1989 годзе. «Гарантыі таксама будуць датычыць рызык, што вынікаюць з двухбаковых інвестыцыйных пагадненняў, звязаных з замарожваннем расійскіх суверэнных актываў», — адзначыла фон дэр Ляен.
Мемарандум таксама разглядае два альтэрнатыўныя варыянты фінансавання, калі расійскія актывы не будуць выкарыстаныя для пазыкі: у абодвух выпадках Еўрасаюз будзе гатовы выдзяляць сродкі са ўласнага бюджэту для падтрымкі Украіны.