У Белгародскай вобласці РФ закрываюць дзіцячыя садкі, школы і бальніцы
- 17.11.2025, 16:19
У памежных з Украінай раёнах.
У ўсіх населеных пунктах Белгародскай вобласці, якія мяжуюць з Украінай і найбольш пацярпелі ад вайны, ліквідуюць сацыяльныя ўстановы, заявіў губернатар рэгіёна Вячаслаў Гладкоў падчас пасяджэння ўрада рэгіёна. Паводле яго слоў, будуць закрытыя ўсе дзіцячыя садкі, школы, бальніцы і ўстановы культуры. Іх працоўныя калектывы размяркуюць па аналагічных арганізацыях у іншых населеных пунктах вобласці. Гладкоў адзначыў, што рашэнне пра гэта прымалася на працягу апошніх двух гадоў. Пры гэтым ён назваў «недапрацоўкай мясцовых уладаў» такія працяглыя тэрміны, паколькі яны «вызвалі занепакоенасць» у жыхароў, піша The Moscow Times.
«Шмат пытанняў ад бацькоў школьнікаў. Яны перажываюць, што аб’яднанне школ прынясе дзецям дыскамфорт і праблемы. Гэта, відавочна, не так. Адміністрацыі раёнаў недастаткова папрацавалі з бацькамі», — сказаў Гладкоў. Ён таксама запэўніў, што ўсе працаўнікі сацыяльнай сферы захаваюць працу па спецыяльнасці з заробкам «не меншым, чым быў». Да гэтага Гладкоў казаў пра магчымы перавод усіх школьнікаў у горадзе Шэбекіна, які знаходзіцца за 5 км ад мяжы з Украінай, на дыстанцыйнае навучанне. Такое рашэнне кіраўнік рэгіёна тлумачыў тым, што з украінскага боку працягваюцца абстрэлы.
На пачатку 2025 года ўпаўнаважаная па правах чалавека ў Белгародскай вобласці Жанна Кірэева паведаміла пра адсяленне з памежжа больш як 14 тыс. чалавек. Шмат населеных пунктаў, каля якіх складалася складаная аператыўная абстаноўка, рассялялі і закрывалі для ўезду. У прыватнасці, у сакавіку Збройныя сілы Украіны (ЗСУ) прарвалі мяжу і спрабавалі замацавацца ў раёне вёсак Графаўка і Прылессе. Тады закрывалі пасёлак Чырвоная Яруга і эвакуіравалі людзей з Графаўкі.
У канцы кастрычніка ЗСУ ўдарылі па плаціне Белгародскага вадасховішча на рацэ Сіверскі Данец. У выніку пашкоджання аб’екта ўлады папярэджвалі пра пагрозу «падтоплення» бліжэйшых населеных пунктаў. Мясцовых жыхароў, якія знаходзіліся ў раёне магчымага бедства, заклікалі эвакуіравацца ў Белгарад і спыніцца ў гарадскіх пунктах часовага размяшчэння (ПВР). Мелася на ўвазе вёскі Бязлюдаўка, Новая Таволжанка і горад Шэбекіна.