Беларусь аказалася толькі на трэцім месцы па колькасці зуброў
- 17.11.2025, 15:19
Якія краіны ў лідарах?
Зубр — адзін з галоўных сімвалаў Беларусі. І на канец 2024 года ў нашай краіне налічвалася 2927 гэтых высакародных жывёл. Аднак гэта толькі чацвёртая частка (24%) сусветнай папуляцыі, паведамілі у Белавежскай пушчы.
Паводле дадзеных свежай радаслоўнай кнігі зуброў, усяго ў свеце не менш за 12 209 гэтых парнакапытных. Найбольшая папуляцыя ў Расіі — 3073 асобіны (25,2%). На другім месцы апынулася Польшча — 3060 (25,1%). Гэта значыць, што наша краіна ў гэтым топе толькі на трэцім месцы.
На чацвёртым радку размясцілася Германія — 643 (5,3%), далей ідуць Украіна — 480 (3,9%), Румынія — 451 (3,7%), Літва — 339 (2,8%). У гэтых сямі краінах улічана 10 973 зуброў, або 90% сусветнага пагалоўя.
Усяго ж за 2024 год колькасць зуброў узрасла на 1029 асобін, або на 8,4%.
Адзначаецца і тэндэнцыя да павелічэння колькасці вольнажывучых зуброў — на 950 асобін у параўнанні з папярэднім годам.
Паводле статыстыкі, найбуйнейшыя папуляцыі зуброў у Рэспубліцы Беларусь колькасцю больш за 100 асобін зарэгістраваныя ў Нацыянальным парку «Белавежская пушча» — 726, ГОЛХУ «Асіповіцкі вопытны лясгас» — 680 і СПК «Азёры» Гродзенскага раёна — 529.
Акрамя таго, убачыць гэтых жывёл можна ў паляўнічай гаспадарцы «Чырвоны Бор» (348), Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку (212), ландшафтным заказніку «Налібоцкі» (130) і Нацыянальным парку «Прыпяцкі» (124).
Найбольшая колькасць зуброў у свеце адносіцца да сярэднерускай папуляцыі — 1503 (Расія). На другім месцы Puszcza Bialowieska — 870 (Польшча), Bieszczady — 764 (Польшча).