Трамп заявіў аб гатоўнасці пачаць перамовы з Мадура
- 17.11.2025, 11:56
Ля берагоў Венесуэлы стаяць амерыканскія авіяносцы.
ЗША ў найбліжэйшы час могуць правесці перамовы з дыктатарам Венесуэлы Нікаласам Мадура, заявіў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. «Яны хацелі б пагаварыць. Пабачым, што з гэтага выйдзе», — сказаў Трамп на фоне абвастрэння адносін паміж дзвюма краінамі.
За дзень да гэтага авіяносная ўдарная група Ваенна-марскіх сіл ЗША на чале з найбуйнейшым авіяносцам USS Gerald R. Ford увайшла ў Карыбскае мора. На борце карабля знаходзяцца больш за 4 тыс. вайскоўцаў, дзясяткі ўдарных знішчальнікаў і баявыя верталёты. Перад гэтым кіраўнік Пентагона Піт Хегсет абвясціў пра пачатак вайсковай аперацыі «Паўднёвае кап'ё» (Southern Spear) супраць «наркатэрарыстаў» у Заходнім паўшар'і.
Адначасова з гэтым ЗША вырашылі ўнесці ў спіс замежных тэрарыстычных арганізацый венесуэльскі наркакартэль «Лос Солес», які Вашынгтон звязвае з Мадура. У Дзярждэпартаменце ўдакладнілі, што рашэнне ўступіць у сілу 24 лістапада. Як адзначае Bloomberg, гэта пашырае юрыдычныя падставы для «больш агрэсіўных дзеянняў». Паводле дадзеных Reuters, на мінулым тыдні высокапастаўленыя чыноўнікі адміністрацыі Трампа правялі тры сустрэчы ў Белым доме, на якіх разгледзелі варыянты магчымай вайсковай аперацыі супраць Венесуэлы, уключаючы ўдары па тэрыторыі краіны.