Казахстан абяцае ўзнагароду за дапамогу ў затрыманні блогера з Гомеля Mellstroy
- 17.11.2025, 9:28
Ён абвешчаны ў вышук.
Агенцтва фінансавага маніторынгу (АФМ) Казахстана абвясціла ў міжнародны вышук 26‑гадовага ўраджэнца Беларусі трэш-стрымера Андрэя Бурыма (Mellstroy) па падазрэнні ў арганізацыі маштабнай рэкламнай кампаніі па прасоўванні анлайн-казіно Mellstroy.game.
У ведамстве адзначылі, што дзейнасць праекта была арыентавана, у тым ліку, на карыстальнікаў з Казахстана. Каб прыцягнуць увагу аўдыторыі, блогер запускаў розыгрышы і чэленджы, прапаноўваючы ўдзельнікам здымаць відэа ў TikTok, YouTube Shorts і іншых сацыяльных сетках з узгадваннем брэнда Mellstroy.game, яго лагатыпаў і спасылак на сайт.
Рашэннем суда ў дачыненні да яго абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай.
За дапамогу ў затрыманні Mellstroy АФМ паабяцала «ўзнагароду і ананімнасць».
У Казахстане за распаўсюджванне рэкламы азартных гульняў прадугледжаная не толькі адміністрацыйная, але і крымінальная адказнасць — за саўдзел і садзейнічанне незаконнаму ігральнаму бізнесу.
Андрэй Бурым — ураджэнец Гомеля, які стаў вядомы ў Расіі дзякуючы так званым трэш-стрымам (трансляцыі, на якіх за данаты выконваюцца розныя заданні падпісчыкаў). Цяпер ён займаецца рэкламай інтэрнэт-казіно.
Сайт Charter97.org пісаў, што беларускі стрымер раскідаў над наведвальнікамі начнога клуба $75 тысяч (крыніца).