Польшча адкрыла пункты пропуску на мяжы з Беларуссю
- 17.11.2025, 8:14
Вялікіх чаргаў не было.
А 2:00 па беларускім часе Польшча адкрыла пункты пропуску «Баброўнікі» і «Кузніца». За 10 хвілін да гэтага першыя аўтамабілі накіраваліся на кантроль з беларускага боку, а каля 2:05 — з польскага. Ажыятажу і вялікіх чаргаў не было.
Паводле сайта «Белтаможсэрвісу», дзе тыя, хто перасякае мяжу, рэгіструюцца ў электроннай чарзе, за паўгадзіны да адкрыцця мяжы ў абодвух пунктах пропуску на выезд чакалі 145 транспартных сродкаў.
Паводле слоў журналіста «Зеркала», які знаходзіўся каля «Баброўнікаў», за 20 хвілін да адкрыцця польскага боку чарга грузавікоў пачыналася за шэсць кіламетраў ад пункта пропуску. Таксама на ўезд у Беларусь стаялі 15 легкавых аўтамабіляў і пакуль толькі адзін аўтобус. Менавіта ён і яшчэ адзін легкавы аўтамабіль сталі першымі, хто трапіў у пункт пропуску «Баброўнікі».