У Польшчы невядомыя пашкодзілі ўчастак чыгункі
- 17.11.2025, 4:22
Прэм’ер-міністр не выключае, што гэта была дыверсія.
Усё здарылася ў нядзелю раніцай, а 7.39 па мясцовым часе (9.39 па беларускім). Як паведаміла ў X паліцыя Мазавецкага ваяводства, машыніст цягніка расказаў пра няспраўнасці на чыгунцы ў раёне населенага пункта Жычын Гараволінскага павета.
Калі на месца здарэння прыбыла паліцыя і іншыя службы, высветлілася, што пашкоджаны ўчастак чыгуначнага палатна. Гэта і прывяло да спынення руху цягнікоў.
— На момант інцыдэнту ў цягніку знаходзіліся два пасажыры і некалькі членаў брыгады. Пацярпелых няма, — гаворыцца ў заяве паліцыі Мазавецкага ваяводства.
Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск таксама пракаментаваў інцыдэнт у сетцы X.
Па справе аб разбурэнні фрагмента чыгуначнага палатна на лініі Дэмблін–Варшава я знаходжуся ў пастаянным кантакце з міністрам унутраных спраў, — заявіў ён. — Не выключана, што мы маем справу з актам дыверсіі. Ніхто не пацярпеў. Працягваюцца дзеянні адпаведных службаў.
Тым часам, як піша tvp.info, раней прэс-сакратар Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Караліна Галецкая заявіла, што на месцы здарэння працуюць службы пад наглядам пракурора. Як яна тады напісала на платформе X, «на дадзены момант няма падстаў казаць пра наўмысныя дзеянні трэціх асоб».