Axios: Швейцарыя дамаглася зніжэння пошлін ЗША з дапамогай асабістых падарункаў Трампу
- 16.11.2025, 22:13
Прэзідэнту ЗША падарылі гадзіннік Rolex і злітак золата.
Швейцарыя адправіла ў ЗША дэлегацыю прамыслоўцаў і бізнесменаў з падарункамі, каб задабрыць амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа і дамагчыся зніжэння пошлін, паведамляе Axios.
У прыватнасці, гаворка ідзе пра настольны гадзіннік Rolex і залаты злітак вагой 1 кг. Злітак Трампу ўручылі падчас візіту дэлегацыі 4 лістапада, ён быў пазначаны лічбамі 45 і 47 у гонар яго прэзідэнцкіх тэрмінаў.
Пошліны супраць Швейцарыі, а таксама ў дачыненні да яшчэ 64 краін Трамп увёў на пачатку жніўня. Для Швейцарыі тарыфы тады склалі 39%, гэта адна з самых высокіх ставак у свеце і самая высокая ў Еўропе.