BE RU EN

У сталіцы Філіпін сотні тысяч пратэстуюць супраць карупцыі

  • 16.11.2025, 21:58

На пратэст выйшлі больш за паўмільёна чалавек.

Сотні тысяч чалавек выйшлі на вуліцы Манілы ў знак пратэсту супраць махінацый вакол будаўніцтва супрацьпаводкавых збудаванняў. У нядзелю, 16 лістапада, дэманстранты ў сталіцы Філіпін патрабавалі пакараць удзельнікаў карупцыйнай схемы, якіх абвінавачваюць у растраце сродкаў, выдзеленых дзяржавай на інфраструктурныя праекты па барацьбе з паводкамі, на суму больш за 500 млрд песаў (у пераліку — каля 7,3 млрд еўра).

Паводле ацэнак паліцыі, у акцыі, арганізаванай уплывовай хрысціянскай групай Iglesia ni Cristo, узялі ўдзел каля 550 000 чалавек. На плакатах, між іншым, былі патрабаванні «Справядлівасці!» і «Празрыстасці замест змовы». Паводле звестак арганізатараў, дэманстрацыя стала найбуйнейшай акцыяй пратэсту супраць карупцыйнага скандалу. Новыя пратэсты запланаваныя на 17 і 18 лістапада, перадае DW.

Карупцыйны скандал вакол праектаў па абароне ад паводак

У карупцыйным скандале, між іншым, замешаныя людзі з атачэння прэзідэнта краіны Фердынанда Маркаса-малодшага. Сярод фігурантаў таксама — дзясяткі будаўнічых падрадчыкаў, дзяржаўных чыноўнікаў і заканадаўцаў, уключна з дваюрадным братам кіраўніка дзяржавы.

Іх абвінавачваюць у падпісанні фіктыўных кантрактаў замест рэалізацыі рэальных праектаў па абароне ад паводак альбо ў выкананні работ неналежным чынам. Акрамя таго, паведамляецца пра прысваенне выдзеленых сродкаў падрадчыкамі і атрыманне хабароў палітыкамі і чыноўнікамі.

Філіпіны асабліва моцна падвяргаюцца экстрэмальным надворным з'явам, у тым ліку паводкам і тайфунам. На гэтую востраўную дзяржаву штогод у сярэднім абрушваецца каля 20 трапічных цыклонаў. Адзін з моцных тайфунаў абрынуўся на Філіпіны на пачатку лістапада.

Апошнія навіны