Аўтобусы ў Польшчу праз «Бераставіцу» запускае буйны перавозчык
- 16.11.2025, 12:06
Сталі вядомыя цэны і расклад.
Рэйсы з Мінска ў Варшаву праз пункт пропуску «Бераставіца» на беларуска-польскай мяжы запускае пасажырскі перавозчык Ecolines.
Аўтобусы пачнуць хадзіць з 19 лістапада. Адправленне з Мінска а 17.00.
Рэйсы Мінск — Беласток — Варшава будуць выконвацца па серадах, чацвяргах і пятніцах. Кошт білета — 140 рублёў.
Варшава — Беласток — Мінск з адпраўленнем а 01.10 Ecolines запускае з 21 лістапада па пятніцах, суботах і нядзелях.
Нагадаем, 14 лістапада стала вядома, што Польшча плануе 17 лістапада адкрыць два памежныя пераходы на мяжы з Беларуссю — «Баброўнікі» («Бераставіца») і «Кузніца» («Брузгі»). Раніцай 15 лістапада Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі пацвердзіў, што польскі бок афіцыйна паведаміў Мінску пра адкрыццё памежных пераходаў 17 лістапада з 02:00 паводле беларускага часу.
Праз «Кузніцу» змогуць ехаць толькі легкавыя аўтамабілі, а праз «Баброўнікі» — легкавыя аўтамабілі, аўтобусы і грузавікі з краін ЕС, Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю і Швейцарыі.
З 17 лістапада адразу некалькі перавозчыкаў запусцяць аўтобусныя рэйсы праз «Бераставіцу». Такую інфармацыю апублікаваў тэлеграм-канал сервісу па продажы білетаў «Атлас».
Паводле звестак сервісу, пачнуць курсіраваць аўтобусы як мінімум пяці перавозчыкаў.
Маршруты з Гродна ў Беласток запусцяць:
ТАА «Зет»;
«Гродна Экспрэс» і «Беласток Экспрэс»;
ТАА «Трансагенцтва Фаварыт».
Кошт білета ў ўсіх згаданых перавозчыкаў складзе 100 рублёў.
Рэйсы з Гродна ў Варшаву праз Беласток анансавалі:
ТАА «Флайбус»;
«Гродна Экспрэс» і «Беласток Экспрэс».
Кошт білета да Варшавы — 130 рублёў.