Яўген Афнагель: Мы бачым разгубленасць і істэрыку Лукашэнкі
- 16.11.2025, 23:04
Дзе ўзяць грошы?
Як калісьці спыніў сваё існаванне Савецкі Саюз, гэтак жа спыніць сваё існаванне і рэжым Лукашэнкі. Гэта можа адбыцца ў найбліжэйшыя два-тры гады, заявіў у інтэрв'ю «Радыё Рацыя» былы палітвязень, прымусова дэпартаваны ў Літву, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», адзін з заснавальнікаў маладзёжнага руху «Зубр» Яўген Афнагель:
— Давайце паглядзім на навіны, якія мы атрымліваем з Беларусі. З аднаго боку, мы бачым, што гайкі закручаныя, што ідуць рэпрэсіі. Амаль кожны дзень мы атрымліваем інфармацыю пра новыя арышты і судовыя працэсы, пра новых палітвязняў.
З другога боку, мы таксама бачым паводзіны ўладаў. Мы бачым іх разгубленасць. Мы бачым заявы Лукашэнкі пра праблемы, пра сабатаж, пра недахоп грошай. Мы бачым істэрыку, калі ён нападае на чыноўнікаў, якія проста не ведаюць, што рабіць у такой сітуацыі, бо ў іх таксама няма адказу, дзе ўзяць грошы, што рабіць далей. Мы бачым сітуацыю, вельмі падобную да той, што была ў познім Савецкім Саюзе.
Звонку ўсё здавалася ў парадку. Калі б любога чалавека ў 1989 годзе спыталі, колькі яшчэ праіснуе Савецкі Саюз, ён бы адказаў: доўга. Але і года не мінула, як пачаліся хваляванні з-за рэзкага павышэння цэн, адбыліся падзеі ў Тбілісі, Баку, Рызе, Вільнюсе. За вельмі кароткі час Савецкі Саюз спыніў сваё існаванне. Тое самае можа здарыцца і з беларускай дыктатурай. Дастаткова любай, нават не вельмі значнай падзеі. Гэта можа быць параза Расіі на ўкраінскім фронце, павышэнне цэн, нявыплата заробкаў на нейкім заводзе, канфлікт унутры самой улады. Усё гэта больш чым верагодна.
Калі сістэма нестабільная, а цяпер яна відавочна нестабільная — мы бачым гэта па паводзінах Лукашэнкі, — яна можа абрынуцца ў любы момант. Мы павінны быць да гэтага гатовыя, каб узяць уладу ў Беларусі ў свае рукі.
— І як вы думаеце, калі могуць адбыцца гэтыя лёсавызначальныя падзеі?
— Я б сказаў, што ў найбліжэйшыя два-тры гады, можа, пяць гадоў. Цяпер вельмі важны фактар — вайна ва Украіне. Мы бачым, што ўкраінцы знайшлі адну з балючых кропак Расіі і паспяхова па ёй б'юць. Яны разбураюць энергетычную сістэму, наносяць удары па нафтаперапрацоўчых заводах. Сёлета ўдарам падвергліся каля 20 НПЗ у еўрапейскай частцы Расіі. У жніўні—кастрычніку расейцы страцілі каля 20% сваіх нафтаперапрацоўчых магутнасцяў. Гэта можа пераламаць ход вайны. Такіх балючых кропак шмат. Нельга забываць, што беларускія НПЗ таксама працуюць на расейскую ваенную машыну. Украіна мае маральнае права паўплываць на працу гэтых заводаў.
Я бачу паралелі з афганскай вайной. Так, расейцы ва Украіне кантралююць акупаваную імі тэрыторыю, месцамі прасоўваючыся на дзясяткі і сотні метраў. Але ў Афганістане савецкія войскі кантралявалі 90% тэрыторыі, усе буйныя гарады, але ўсё адно былі вымушаныя пакінуць краіну.
Вайна — вельмі дарагое задавальненне. Расейская эканоміка не зможа падтрымліваць яе ў доўгатэрміновай перспектыве. Калі ўкраінцы вытрымаюць, калі знойдуць у сабе сілы стрымаць наступ расейскіх войскаў, калі Захад павялічыць падтрымку Украіны, выдаткі на абарону, то перамога стане рэальнай у бліжэйшай будучыні. Перамога Украіны — гэта канец Расіі. Канец Расіі — гэта канец дыктатуры ў Беларусі.
— Ці засталіся ўнутры Беларусі сілы, здольныя ўзяць сітуацыю пад кантроль? Калі адбудуцца змены, ці варта разлічваць на тых, хто цяпер знаходзіцца за мяжой?
— Усе тыя, хто галасаваў супраць Лукашэнкі, хто выйшаў на вуліцы, нікуды не падзеліся. Значная частка з іх з'ехала з краіны, але значная частка засталася.
Кола незадаволеных пашыраецца, бо ў кожнага палітвязня ёсць блізкія. Цяпер у Беларусі, напэўна, не засталося ніводнай сям'і, дзе б сваяк, сябра або, напрыклад, калега па працы не пацярпеў ад рэпрэсій.
Пасля падзей апошніх пяці гадоў нянавісць да Лукашэнкі і непрыняцце ягонага рэжыму ўзмацніліся. Больш за тое, людзі разумеюць, што нават тая знешняя стабільнасць, якая існуе цяпер, нетрывалая. Усе бачаць, што адбываецца вакол, у грамадстве, на працы. Думаю, пытанняў шмат, нягледзячы на прапаганду, і адносна таго, што адбываецца на ўкраінска-расейскім фронце. Чатыры гады таму беларусы чулі пераможныя заявы расейскіх уладаў, да якіх тады далучыліся і беларускія. Цяпер жа відавочна, што вайна ў горшым выпадку для Украіны зацягнецца, а ў лепшым — скончыцца паразай Расіі. Тое, што гэта паўплывае на сітуацыю ў Беларусі, думаю, відавочна для ўсіх.
Таму, з аднаго боку, у Беларусі існуе вялікі ціск, вялікія рэпрэсіі, а з другога боку, абсалютная большасць людзей не прымае гэтую ўладу. У патрэбны момант гэта прывядзе да перамен.