G7 нагадала Украіне ключавую ўмову руху ў НАТА
- 15.11.2025, 22:31
Краіны «Вялікай сямёркі» працягнуць падтрымку ўстойлівасці Украіны на фоне расійскіх удараў.
Паслы краін «Вялікай сямёркі» (G7) прывіталі гатоўнасць прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага садзейнічаць расследаванню карупцыі ў «Энергаатаме», дзе апынуўся замешаным яго былы бізнэс-партнёр.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на паведамленне прадстаўніцтва G7 ва Украіне.
- Вітаем гатоўнасць прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага да супрацоўніцтва і падтрымкі незалежнага расследавання НАБУ/САП. Разлічваем на далейшае лідарства Украіны ў антыкарупцыйных рэформах, што з'яўляецца ключавым для еўраатлантычнай інтэграцыі, - гаворыцца ў паведамленні.
Таксама паслы далі зразумець, што нягледзячы на карупцыйны скандал, краіны «Вялікай сямёркі» працягнуць падтрымку энергетычнай устойлівасці Украіны на фоне расійскіх тэрактаў супраць украінскай энергетычнай інфраструктуры.
Зазначым, 15 лістапада Зяленскі паведаміў, што пасля скандалу асноўныя дзяржаўныя прадпрыемствы ў сферы ўкраінскай энергетыкі будуць цалкам перазагружаныя. Паралельна з фінансавай праверкай там будзе поўнасцю абноўлена кіраўніцтва.