У Мінску будуецца найвышэйшы хмарачос у Беларусі
- 15.11.2025, 20:50
Вышыня найвышэйшай вежы дасягне 180 метраў.
У Мінску будуецца найвышэйшы хмарачос у Беларусі. Ён стане цэнтральнай часткай бізнес-квартала «Мінск-Мір», які складаецца з пяці будынкаў.
Вышыня найвышэйшай вежы дасягне 180 метраў, яна будзе мець 42 паверхі; на кожным паверсе змогуць размясціцца да трох кампаній, паведаміў праўладны тэлеканал ОНТ.
У гэтым хмарачосе, як чакаецца, размесціцца першы ў Беларусі так званы Міжнародны фінансавы цэнтр.
Нягледзячы на маштабнасць, будаўніцтва вядзецца ў сціслыя тэрміны. Афіцыйны тэрмін завяршэння работ — канец 2027 года, але забудоўшчык плануе здаць аб’ект ужо напрыканцы 2026-га.