BE RU EN

«Недарэчна спадзявацца, што Пуцін абразуміцца»

  • 15.11.2025, 20:23

Падаляк заявіў, што перамовы з РФ — бяссэнсоўныя.

Мірныя перамовы паміж Украінай і Расіяй зайшлі ў тупік і былі спыненыя ў гэтым годзе. Аднак такія перамовы з РФ — бяссэнсоўныя ў прынцыпе.

Расійскага дыктатара Пуціна нельга заахвочваць чаканнямі, што з ім будуць весці перамовы, лічыцца з яго меркаваннем і разглядаць якія-небудзь яго ўмовы.

Такую думку выказаў саветнік кіраўніка Офіса Прэзідэнта Украіны (ОПУ) Міхаіл Падаляк.

— Першым сігналам таго, што агрэсар насамрэч хоча перамоваў, з'яўляецца тое, што ён спыняе ўдары па грамадзянскім насельніцтве, а не нарошчвае іх. У адваротным выпадку любыя перамовы бяссэнсоўныя, — падкрэсліў Падаляк.

Улічваючы сённяшнія дзеянні Расіі, Пуцін не збіраецца заканчваць вайну.

— Гэты суб'ект лічыць, што вайна — гэта адзінае, што дае Расіі надзею на працяг свайго нікчэмнага існавання як краіны. Бо дзяржава Расійская Федэрацыя сёння не ўяўляе ніякай вартасці на глабальных рынках. Гэта фэйкавая дзяржава, на жаль, з вялікім аб'ёмам мілітарнага рэсурсу, які яны выкарыстоўваюць на тэрыторыі Украіны, каб даказваць свае правы на існаванне, — адзначыў саветнік кіраўніка ОПУ.

Падаляк выдзеліў тры асноўныя моманты, якія могуць прымусіць Пуціна да міру.

Па-першае, інфармацыйна-дыпламатычная ізаляцыя.

— Нельга заахвочваць Пуціна чаканнем, што да яго будуць прыслухоўвацца, з ім будуць сустракацца, з ім будуць весці дыскусію і гэтак далей. Пуцін павінен баяцца, ён павінен быць ізаляваны, — акцэнтаваў спікер.

Па-другое, увядзенне санкцый іншага ўзроўню, якія цалкам пазбавяць Расію доступу да глабальных рынкаў, дзе яна дагэтуль прадае вялікія аб'ёмы розных сваіх рэсурсаў, энергарэсурсаў. Гэтыя абмежаванні павінны быць маштабнымі, а не этапнымі, якія даюць Расіі магчымасць з цягам часу знаходзіць у іх лазейкі і абыходзіць іх.

— У гэтым дачыненні санкцыі павінны быць падзелены на дзве часткі. Першая — забарона Расіі на любыя гандлёвыя аперацыі, на выкарыстанне міжнароднай банкаўскай сістэмы SWIFT. Другая — увядзенне санкцый супраць тых, хто дазваляе Расіі прадаваць вялікія аб'ёмы нафты і газу. Гэта, перадусім, Індыя і Кітай. Альбо трэба весці перамовы з Індыяй і Кітаем, каб яны адмаўляліся ад расійскай нафты і газу, — удакладніў Падаляк.

Па-трэцяе, неабходна пашыраць нанясенне ўдараў па тэрыторыі Расіі.

— Адзінае, што разумеюць расіяне, — гэта страх. А страх узнікае, калі вайна перанесеная на тэрыторыю Расіі. Стварэнне гэтай атмасферы страху, безумоўна, павінна быць прыярытэтам сёння. Гэта нарошчванне дальнабойных удараў па тэрыторыі Расіі, разбурэнне ўсёй вытворчай інфраструктуры. Я не кажу «мілітарнай». Бо я лічу, трэба разбураць усю вытворчую інфраструктуру Расіі, таму што там на сённяшні момант практычна няма немілітарных вытворчасцяў. Яны паўсюль размяшчаюць ваенныя заводы, яны паўсюль размяшчаюць ваенныя заказы, — адзначыў саветнік кіраўніка ОПУ.

Падаляк упэўнены, што пры рэалізацыі названых трох накірункаў Пуціна «можна будзе прымусіць да чагосьці».

«Прымусіць яго да ўсведамлення памылковасці такога інструмента, як гвалт, немагчыма. Ён зацыклены на гэтым, гэта яго ідэя-фікс. Чакаць і спадзявацца, што ён абразуміцца, — недарэчная стратэгія», — рэзюмаваў ён.

Апошнія навіны