«Мне б нарадзіцца шэрым віленскім катом»
- 15.11.2025, 10:54
У Вільні прайшоў творчы вечар беларускага барда Змітра Бартосіка.
«Мне б нарадзіцца шэрым віленскім катом» – творчы вечар беларускага барда, пісьменніка і журналіста Змітра Бартосіка у дзень яго народзінаў, 14 лістапада, прайшоў у Вільні.
Для прысутных ён выканаў рамансы, балады і песні на вершы Вярцінскага, Акуджавы і Высоцкага ў перакладзе Рыгора Барадуліна. Таксама і свае песні, сярод якіх творы з віленскага цыклу, перадае «Радыё Рацыя».
Чаму Зміцер Бартосік вырашыў адзначыць сваё 57-цігоддзе менавіта ў Вільні і адкуль узялася такая метафара ў назве вечара, распавядае творца:
– Мне прапанавалі, і я не здолеў знайсці ў сябе сілаў адмовіцца, гэта лепшы горад у свеце.
– Творчы вечар называецца «Мне б нарадзіцца шэрым віленскім катом» – адкуль узнікла такая метафара? Вы сапраўды хацелі б нарадзіцца шэрым віленскім катом?
– Я ўжо, праўда, не памятаю. Відаць, мне спадабаўся нейкі кот на Зарэччы, і ў гэтым было столькі свабоды! Каты дзе хочуць, там і ходзяць, для іх няма межаў, для іх няма візаў, у іх няма ключоў.
Падчас канцэрта Змітру Бартосіку акампанавала яго жонка Таццяна Карпіловіч, і разам яны стварылі атмасферу цеплыні, гумару і музычнай гармоніі.
Таксама Змітра павіншавалі яго сябры, а журналіст і пісьменнік Алег Груздзіловіч падараваў напісаную ім асабіста карціну і прысвяціў верш, які зачытаў перад публікай уручаючы падарунак творцу.
У Вільні пройдзе яшчэ і літаратурная сустрэча сёння, 15 лістапада са Змітром Бартосікам у 19.30 у Беларусім замку па адрасе: Vilnius, Naujoji Riovoniu 10.