Навукоўцы знайшлі тлумачэнне загадкаваму «полю ям» у Перу
- 15.11.2025, 9:39
Упершыню гэты дзіўны аб’ект выявілі амаль сто гадоў таму.
Навукоўцы разгадалі таямніцу адной з самых дзіўных археалагічных знаходак у Андах — так званай «Паласы дзірак» або «Поля ям» на Змяінай гары ў Перу.
Пра гэта піша WIONews.
Больш за 5200 адтулін, выкапаных на схілах гары, дзесяцігоддзямі не мелі навуковага тлумачэння. Існавалі гіпотэзы, што гэта могуць быць невыкарыстаныя магілы або рэшткі былога саду. Аднак цяпер навукоўцы знайшлі пераканаўчыя аргументы на карысць таго, што гэта былі нейкія кладоўкі для тавараў, якія пазней ператварыліся ў сістэму ўліку падаткаў, датаваную яшчэ даінкскім перыядам.
Гэтыя адтуліны, кожная дыяметрам каля 1,8 метра і глыбінёй да 1 метра, утвараюць паласу даўжынёй 1,6 кіламетра ля падножжа гары. Яны ўпершыню прыцягнулі ўвагу свету ў 1933 годзе дзякуючы аэрафотаздымцы ў часопісе «National Geographic». Тады археолагі меркавалі, што гэта невыкарыстаныя магілы даінкскай цывілізацыі. Аднак новыя даныя абвяргаюць гэтую тэорыю.
Даследаванне праводзілася з дапамогай дронаў для дакладнай здымкі з малой вышыні, што дазволіла атрымаць дэталёвыя выявы.
Мікрабатанічны аналіз узораў глебы з адтулін выявіў сляды кукурузы і старажытных дзікіх раслін, якія выкарыстоўваліся для пляцення кошыкаў. Навукоўцы лічаць, што ямы служылі сховішчамі для тавараў на старажытным базары, дзе збіраліся вандроўныя гандляры — ад марскіх купцоў да караванаў з ламамі, а таксама земляробы і рыбаловы. Тут абменьваліся лакальнымі прадуктамі, такімі як кукуруза і бавоўна. З цягам часу гэтае месца, верагодна, ператварылася ў сістэму ўліку даніны для адміністрацыі інкаў.
Размяшчэнне адтулін нагадвае кіпу — старажытную інкскую прыладу для ўліку, зробленую з вузлоў на шнурах, якая выкарыстоўвалася ў той жа даліне.