У рэгіёнах зачыняюцца цэнтральныя рынкі
- 14.11.2025, 21:02
Маёмасць выставляюць на аўкцыёны.
Развал сістэмы Гомельскага абласнога спажывецкага таварыства адчулі на сабе жыхары яшчэ аднаго райцэнтра. У многіх раёнах Гомельшчыны маёмасць мясцовых РайПО даўно распрадаюць за даўгі, на чарзе — Добруш. Справы настолькі дрэнныя, што тут вырашылі закрыць цэнтральны рынак, які належыць Добрушскаму РайПО, піша «Флагшток».
Арганізацыя знаходзіцца на стадыі ліквідацыі, і цяпер рыхтуюць дакументы, каб выставіць маёмасць на аўкцыён і разлічыцца з даўгамі. Працэдура датычыць гандлёвых плошчаў не толькі ў райцэнтры, але і ў вёсках, прызналі ў газеце райвыканкама.
Там прывялі словы намесніка старшыні райвыканкама Генадзя Мальцава, які заявіў, што рынак прыносіць толькі страты. Яго гатовыя прадаць з аўкцыёну іншаму ўласніку — калі знойдуцца ахвочыя.
Мясцовыя прадпрымальнікі, з якімі РайПО адмовілася падаўжаць арэнду, незадаволеныя рашэннем закрыць рынак. Паводле іх слоў, рынак — важная частка гарадской інфраструктуры, і яго закрыццё створыць нязручнасці для многіх жыхароў Добруша, якія прывыклі як прадаваць на радах сельгаспрадукцыю, так і набываць яе па больш нізкай цане.
Намеснік старшыні райвыканкама прапануе арганізаваць гандаль у іншых месцах, напрыклад, каля гандлёвага комплексу «Куб» і ў мікрараёне «Меліёратар». Якую пляцоўку абяруць для гандлю — рашэнне пакуль не прынята.