BE RU EN

Украінска-амерыканскія кампаніі прыносяць мільярды эканоміцы ЗША

  • 14.11.2025, 16:10

Тэхналагічны сектар — найбольш паспяховы.

Новы даклад аналітычнага цэнтра ISE Group паказвае, што ўкраінска-амерыканскія прадпрыемствы ўносяць значны ўклад у эканоміку ЗША: яны штогод прыносяць амаль 60 млрд долараў выручкі і ствараюць каля 300 тыс. рабочых месцаў, піша Atlantic Council (пераклад — сайт Charter97.org).

Гісторыя прадпрымальніка Валерыя Якавенкі — толькі адзін з прыкладаў гэтага ўплыву. Пасля пачатку паўнамаштабнага ўварвання Расіі ў 2022 годзе ён пераехаў з сям'ёй у Пенсільванію і адкрыў там інжынерны цэнтр сваёй кампаніі па аграскаўтынгу з выкарыстаннем дронаў. Раней фірма была піянерам ва Украіне, але з-за небяспекі ў небе цяпер пастаўляе сельскагаспадарчыя дроны фермерам ад Паўночнай Караліны да Мэна, дапамагаючы павышаць ураджайнасць і ўкараняць інавацыі ў сельскай мясцовасці.

Згодна з даследаваннем, спецыялісты ISE Group ідэнтыфікавалі 2 270 украінска-амерыканскіх фірмаў і апыталі сетку з больш як 45 тыс. прадпрыемстваў дыяспары. У сукупнасці яны забяспечваюць каля 55 млрд долараў продажаў, 24 млрд долараў фонду аплаты працы і не менш за 8 млрд долараў падатковых паступленняў.

Тэхналагічны сектар — найбольш паспяховы: у ім заняты каля 130 тыс. чалавек, амаль палова ўсіх супрацоўнікаў украінска-амерыканскіх кампаній. Бізнэсы сканцэнтраваныя ў Крамянёвай даліне, Нью-Ёрку, Бостані, Остыне, Даласе і Сіэтле, спецыялізуюцца на распрацоўцы ПЗ, ШІ і воблачных рашэнняў. Многія падтрымліваюць каманды як у ЗША, так і ва Украіне.

З 2022 года, паводле ацэнак, адкрылася каля 40% усіх украінска-амерыканскіх кампаній — на фоне прыбыцця прыкладна 180 тыс. украінцаў па гуманітарных праграмах. Многія пачынаюць з малога бізнэсу, сутыкаючыся з недахопам зберажэнняў і складанасцямі візавых працэдур, аднак дыяспарныя супольнасці актыўна дапамагаюць.

Эксперты адзначаюць, што ўкраінцы — «будаўнікі, а не атрымальнікі дапамогі». Іх бізнэсы становяцца драйверамі росту ў ЗША і адначасова мастом для інвестыцый і тэхналогій, неабходных для аднаўлення Украіны.

Апошнія навіны