У Маскве пачалі масава закрывацца крамы адзення і абутку
- 14.11.2025, 14:48
Яны склалі палову ўсіх закрытых кропак у гандлёвых цэнтрах.
У Маскве масава закрываюцца крамы адзення, абутку і аксесуараў. З ліпеня па верасень на іх прыпала палова (50%) ўсіх закрытых кропак у гандлёвых цэнтрах (ГЦ), што на 12 працэнтных пунктаў больш, чым у другім квартале гэтага года. Гэта вынікае з дадзеных кансалтынгавай кампаніі CORE.XP, якія прыводзіць «Ведамасці».
Для параўнання: на наступную паводле масавасці катэгорыю — грамадскае харчаванне — прыпадае ўсяго 10,5% ад агульнай колькасці закрыццяў. Пры гэтым кампанія CORE.XP не ўказвае абсалютную колькасць закрытых крам. У кампаніі прыводзяць толькі даныя са студзеня па канец ліпеня 2025 года, калі па Расіі ў цэлым было закрыта звыш 320 крам у ГЦ.
Падобная статыстыка ў NF Group, згодна з якой на фэшн-сегмент у трэцім квартале прыпала 45% усіх закрытых па Расіі крам. Аднак, паводле разлікаў кампаніі, гэта, наадварот, на 9 працэнтных пунктаў менш за долю закрыццяў у сегменце ў папярэднім квартале. Розначытанні могуць быць звязаныя з тым, што ў NF Group улічваюць толькі крамы сетак, якія цалкам сышлі з афлайну, а ў CORE.XP лічаць у тым ліку кропкі рытэйлераў, што паступова скарачаюць свае сеткі. Сярод сетак офлайн-крам у фэшн-сегменце, што цалкам закрыліся з ліпеня па верасень, — брэнды адзення Incity, Prav.da, Mudo, Yollo і Urban Vibes, а таксама маркі ніжняй бялізны Deseo і Etam.
Калі ў 2022–2024 гадах акцэнт брэндаў рабіўся на экспансію і эксперыменты з фарматамі, то цяпер фокус змясціўся на моцную аптымізацыю, кажа аналітык і выдаўніца Fashion Buzz Вольга Штэйнберг. Паводле яе слоў, асабліва ўразлівымі аказаліся малыя і сярэднія брэнды, на становішча якіх паўплывала менш устойлівая структура продажаў, залежнасць ад маркетплэйсаў і абмежаваны доступ да крэдытнага фінансавання. Крамы закрываюцца таксама на фоне павелічэння аперацыйных выдаткаў на ўтрыманне фізічных кропак і ўзрослай падатковай нагрузкі на бізнес, кажа прадстаўніца NF Group Яўгенія Хакбердыева.
Раней у Focus Technologies паведамілі, што крамы адзення і абутку ў чэрвені—жніўні страцілі 10% наведвальнікаў год да года. Расіяне змяняюць падыход да спажывання — яны часцей купляюць адзенне па неабходнасці, а не па жаданні, патлумачыла Хакбердыева. У Fashion Consulting Group таксама адзначылі тэндэнцыю да «разумнай эканоміі»: пакупнікі імкнуцца параўноўваць цэны і часта выбіраць універсальнае адзенне, якое можна доўга выкарыстоўваць.