У Наварасійску ўвялі рэжым НС пасля атакі дронаў
- 14.11.2025, 14:08
Інфраструктура найважнейшага для РФ порта сур'ёзна пашкоджаная.
У Наварасійску (РФ) ўвялі рэжым надзвычайнай сітуацыі пасля атакі дронаў у ноч на 14 лістапада. Там успыхнулі пажары на нафтабазе і ў порце.
Пра гэта паведамляе расійскі Telegram-канал Аstra.
Паводле паведамленняў мясцовых уладаў, абломкі збітых беспілётнікаў пашкодзілі ў горадзе шэраг аб'ектаў, у тым ліку чатыры шматкватэрныя дамы.
Як сцвярджае мэр горада Андрэй Краўчанка, абломкі пашкодзілі рэзервуар і прычал «Черномортранснефти», кантэйнерны тэрмінал, нафтабазу на перавалачным комплексе «Шесхарис», а таксама адно з грамадзянскіх суднаў у порце; ён паведамляе пра трох параненых маракоў.
Пажар, што ўзнік пасля падзення абломкаў, патушылі; пацярпелых на гэтых аб'ектах няма.
Мясцовыя ўлады ўвялі ў горадзе рэжым надзвычайнай сітуацыі.
Мінабароны Расіі заявіла пра нібыта знішчэнне за ноч 216 беспілётнікаў, у тым ліку 66 над Краснадарскім краем, 59 — над Чорным морам і 45 — над Саратаўскай вобласцю. Колькі беспілётнікаў збіць не ўдалося, у паведамленні не сказана.
Варта дадаць, што Наварасійск з'яўляецца адным з найбуйнейшых расійскіх марскіх партоў, праз якія ажыццяўляюцца пастаўкі нафты за мяжу.